Ватыканскі банкір: Касцёл патрабуе фінансавай незалежнасці
“Касцёл патрабуе фінансавай
незалежнасці”, таму стварэнне структур, якія гэтаму спрыяюць, неабходна і правільна,
перакананы Паола Чыпрыані, з 2007 года генеральны дырэктар Інстытута рэлігійных спраў,
папулярна называнага Ватыканскім банкам. “Наша мэта заключаецца ў падтрымцы Касцёла
ў кіраванні яго фінансамі”, заявіў банкір і дадаў, што гэтыя сродкі прызначаюцца “на
дасягненне самых высокіх мэтаў” у дабрачыннай і місійнай дзейнасці католікаў на ўсім
свеце. Ватыканскі банк адрозніваецца ад іншых падобнага роду структур логікай сваёй
дзейнасці. “Хоць сустветныя фінансавыя ўстановы прадастаўляць падобныя паслугі, робяць
гэта з логікай прыбытку, а не місіі”, - заўважыў Чыпрыані.
Існаванне Інстытута
рэлігійных спраў, падкрэсліў ватыканскі банкір у інтэрв’ю “Il Giornale”, забяспечвае
фінансавую незалежнасць Касцёла, які можа выконваць сваю місію “не падвяргаючыся ціску
з боку трэціх краін або сіл”. Гэта ацаніў таксама папа Францішак, які заявіў, што
цэніць Ватыканскі банк за яго служэнне і мае давер да людзей, якія ў ім працуюць.
Чыпрыані нагадаў, што цяпер прадпрымаюцца самыя шырокія намаганні для большай
празрыстасці ў дзейнасці банка. У хуткім часе паўстане інтэрнэт-рэсурс, які кампенсуе
недахоп дакладнай інфармацыі аб гэтай ватыканскай структуры. Банкір заявіў, што калектыў
з даверам і спакоем адносіцца да праверак, якія адбываюцца ў банку, паколькі кожны
ведае, што яны маюць на мэце пацвердзіць адпаведнасць дзейнасці Інстытута з міжнароднымі
патрабаваннямі.