2013-06-13 12:39:43

Францішак: прыніжаць іншых, каб адчуваць сябе вышэй – дрэнны механізм


RealAudioMP3 Прасіць Бога аб ласцы ўважлівасці ў моманты, калі гаворым пра іншых, заклікаў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі 13 чэрвеня. Сваю гамілію Пантыфік прысвяціў “негатыўным адносінам”, якія існуюць паміж людзьмі. Абапіраючыся на словы Езуса, “хто скажа брату свайму (...) “неразумны”, “падпадае пад геену вогненную”, Святы Айцец адзначыў, што калі маем у сэрцы негатыўныя адносіны да бліжняга, “значыць нешта не так”, трэба “змяняцца”. “Няма патрэбы ісці да псіхолага, каб даведацца, што, калі чалавек абражае бліжняга, ён сам не можа расці і патрабуе, каб іншы быў прыніжаны з мэтай адчуваць сябе кімсьці”, - сказаў Папа і дадаў, што гэта “дрэнны механізм”.

Паводле Францішка, чалавек можа “згубіцца”, калі не ў стане кантраляваць уласную мову. Ён падкрэсліў, што гэта часта здараецца “не таму што мы з’яўляемся дрэннымі”, але таму што “слабыя і грэшнікі”. Пантыфік назваў абразы і прыніжэнні “больш простым шляхам” для вырашэння канфліктных сітуацый, чым дабро.

Ён заклікаў прасіць у Бога аб ласцы кантролю за ўласнай мовай і ўважлівасці ў моманты, калі кажам пра іншых. “Гэта маленькае пакаянне, але яно прыносіць добрыя плёны”, - сказаў Папа.

Св. Імша прайшла ў прысутнасці супрацоўнікаў пасольства і консульства Аргентыны ў Італіі і прадстаўнікоў Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН, сядзіба якой знаходзіцца ў Рыме. Папа цэлебраваў літургію на іспанскай мове. Ён прызнаўся, што яму гэта “было вельмі прыемна”, бо не рабіў гэтага з 26 лютага.








All the contents on this site are copyrighted ©.