“100 пытанняў – 100 адказаў”. На што абапіраецца вера Касцёла ў існаванне чысца?
Для многіх людзей
застаецца загадкай навучанне Каталіцкага Касцёла пра чысцец. Часта ўзнікаюць пытанні,
што гэта такое і адкуль паходзяць веды пра яго існаванне. Адны лічаць чысцец асобным
месцам, на падабенства таго, якое прадставіў у сваёй “Боскай камедыі” Дантэ Аліг’еры,
другія лічаць чысцец праклёнам ці пакараннем, трэцція, бачаць у ім усяго толькі неабгрунтаваную
выдумку, падстаў для якой ў Святым Пісанні няма.
Трэба адзначыць, што сапраўды,
у Бібліі не знойдзеш самаго слова “чысцец”, бо гэта тэалагічны тэрмін, які быў уведзены
пазней, але казаць што ў Святым Пісанні няма ўспамінаў пра яго – неправільна. Дагмат
пра чысцец, быў прыняты, галоўным чынам на Ферара-Фларэнтыйскім і Трыдэнскім Саборах
(XV-XVI cтст.), на падставе касцёльнай традыцый, якая ў сваю чаргу спасылаецца на
некаторыя тэксты Святога Пісання. Аб іх мы пагаворым у нашай сённяшняй праграме.
Па-першае
трэба адзначыць, што Касцёл называе чысцам, стан, у які трапляюць тыя, хто памірае
ў сяброўстве з Богам, але мае ўсё ж патрэбу ў ачышчэнні дзеля таго, каб атрымаць святасць,
неабходную для уваходу ў нябеснае шчасце. Гэта не канкрэтнае месца, але менавіта часовы
стан, у які душа чалавека, які не меў цяжкіх грахоў, трапляе пасля смерці і праходзіць
ачышчэнне неабходнае, каб атрымаць радасць прабывання побач з Богам. Таксама гэта
не праклён і не пакаранне. Чысцец дае душы чалавека магчымасць дасягнуць нябеснага
шчасця.
Нягледзячы на тое, што дагмат пра чысцец быў канчаткова зацверджаны
толькі ў XVI ст., вера ў магчымасць ачышчэння ад грахоў пасля смерці прысутнічала
ў Касцёле ад самага пачатку.
Ужо некаторыя Айцы Касцёла, як напрыклад св. Кіпрыян,
які памёр у 258 г. падтрымліваў навучанне аб існаванні чысца, абапіраючыся на словы
Езуса запісаныя ў Евангеллі паводле св. Мацвея: “Мірыся з праціўнікам тваім хутка,
пакуль ты з ім яшчэ ў дарозе, каб праціўнік не аддаў цябе суддзі, а суддзя не аддаў
цябе слугу, і каб не ўкінулі цябе ў вязніцу. Сапраўды кажу табе: не выйдзеш адтуль,
пакуль не аддасі апошні грош” (Мц 5,25-26).
Св. Кіпрыян сцвярджаў, што для
памерлых вернікаў, асабліва для мучанікаў, збаўленне наступае адразу пасля смерці.
Таксама ён казаў пра тое, што тыя, хто памірае ў цяжкім граху, адразу трапляюць у
пекла. З гэтым было ўсё зразумела. Але ён думаў таксама пры тых вернікаў, якія падчас
ганенняў адмаўляліся ад веры, але потым шкадавалі за гэта і каяліся. Так як некаторыя
з іх паміралі да канца не адкупіўшы свой грэх (у тыя часы напачатку вернікі павінны
былі чыніць доўгі жаль за грахі і толькі пасля гэтага маглі прымірыцца з Касцёлам),
ён сцвярджаў, што для такіх людзей, існавала магчымасць працягнуць ачышчэнне пасля
смерці – менавіта ў чысцы.
У Евангеллі ёсць яшчэ адно ўказанне на існаванне
чысца – калі Езус кажа пра грэх, які не будзе прабачаны “ні ў гэтым ні ў будучым веку”
(Мц 12,32). Гэтыя словы сведчаць пра тое, што некаторыя грахі могуць быць прабачаны
таксама і пасля смерці. Паводле навучання Касцёла гэта адбываецца менавіта ў чысцы.
Акрамя
Евангелляў, у іншых частках Святога Пісання, ёсць указанні пра існаванне таго, што
мы называем чысцец. Напрыклад св. Павел піша: “Я, паводле дадзенай мне ласкі Божай,
як мудры дойлід, паклаў падмурак, а іншы будуе. Няхай кожны глядзіць, як будуе, бо
ніхто не можа пакласці іншага падмурку, акрамя пакладзенага, якім ёсць Езус Хрыстус.
А ці будуе хтосьці на гэтым падмурку з золата, срэбра, дарагіх каменняў, дрэва, сена,
саломы, пакажа дзень, калі выявіцца справа кожнага. Бо ў агні выкрываецца, і агонь
выпрабуе справу кожнага, якая яна. Калі чыя справа, якую ён будаваў, вытрывае, той
атрымае ўзнагароду. А калі чыя справа згарыць, зазнае шкоду, сам жа збавіцца, але
як бы праз агонь” (1 Кар 3,10-15). У гэтым фрагменце Апостал Народаў кажа пра ачышчальны
агонь, які адкрывае шлях да збаўлення. Хоць тут і не гаворыцца прама пра чысцец, тым
не менш менавіта з апорай на яго Касцёл пачаў развіваць сваё навучанне на гэту тэму.
Нарэшце,
яшчэ адно ўказанне на існаванне чысца ўтрымліваецца ў старазапаветнай Другой Кнізе
Макабэяў. Там гаворка ідзе пра загінуўшы падчас бітвы войнаў, за якіх узносілася ахвяра
і малітва: “Таму прынёс (Іуда Макабэй) за памерлых ахвяру ўміласціўлення, каб ачысціліся
ад граху” (2 Мак 12,46). Гэты фрагмент зноў жа ўказвае на існаванне магчымасці маліцца
за душы памерлых, якія маюць магчымасць у тым, каб “ачысціцца ад граху”. Калі б яны
прабывалі ў пекле, малітвай мы б ім ужо не дапамаглі, а калі на Небе – то малітвы
ім ужо б былі не патрэбны. З гэтага вынікае, што душы памерлых, якія прыбывалі ў сяброўстве
з Богам, трапляюць у часовы, прамежкавы стан ачышчэння, які мы называем чысцам. Такім
чынам можна убачыць, што навучанне Касцёла пра чысцец не з’яўляецца неабгрунтаванай
выдумкай, але абапіраецца на тэксты Святога Пісання.