2013-06-12 10:56:26

Божы народ пакліканы жыць па законе любові


RealAudioMP3 Каля 100 тыс. вернікаў прынялі ўдзел у агульнай аўдыенцыі з папам Францішкам, якая прайшла 12 чэрвеня на плошчы св. Пятра. Святы Айцец звярнуўся да прысутных з катэхезай, прысвечанай Касцёлу, як Божаму народу, лейтматывам якой стала канстытуцыя ІІ Ватыканскага Сабору “Lumen gentium”. Папа даў адказы на шэраг пытанняў: чым з’яўляецца Божы народ, як можна стаць яго часткай, па якім законе ён жыве, у чым заключаецца яго місія і канчатковая мэта? Пантыфік нагадаў, што Бог заклікае ўсіх, без выключэння, стаць часткай Яго народа. “Езус не кажа апосталам і нам сфарміраваць эксклюзіўную групу, элітную суполку. Езус кажа: ідзіце і навучайце ўсе народы. (...) Хачу сказаць таксама і тым, хто адчувае сябе далёкім ад Бога і Касцёла, хто мае страх ці абыякавасць, хто думае, што больш не зможа змяніцца: Пан кліча таксама і цябе стаць часткай Яго народа і робіць гэта з вялікай павагай і любоўю!”, - сказаў Папа.

Францішак звярнуў увагу на тое, што часткай Божага народа становяцца не ў выніку фізічнага нараджэння, але пасля новага нараджэння – дзякуючы хросту і веры ў Хрыста, “дару Божаму, які павінен падпітвацца і ўзрастаць напрацягу ўсяго нашага жыцця”.

Святы Айцец падкрэсліў, што Божы народ жыве па законе любові да Бога і бліжняга. “Аднак гэта любоў не з’яўляецца стэрыльным сентыменталізмам або нечым абстрактым, але прызнаннем Бога ў якасці адзінага Пана жыцця, і, у той жа час, прынеццем бліжняга ў якасці сапраўднага брата, пераўзыходзячы падзелы, суперніцтва, непаразуменні, эгаізм”, - сказаў Францішак.

Папа адзначыў, што хрысціяне шмат канфліктуюць паміж сабой: на працы, у сем’ях. Ён заклікаў прасіць Бога аб ласцы “разумення закону любові” і не адкладаючы на потым памаліцца за тых, з кім узнікаюць канфліктныя сітуацыі. “Маліцца за тых, на каго злуемся – гэта цудоўны крок у рамках закона любові. Зробім яго сёння!”, - заахвоціў Святы Айцец.

Францішак падкрэсліў, што місія Божага народа заключаецца ў тым, каб “несці надзею і збаўленне Бога ў свет: быць знакам любові Бога, які кліча ўсіх да сяброўства з Ім, быць зачынам, які дазваляе падняцца цесту, соллю, якая дае смак і захоўвае ад сапсавання, святлом, якое асвятляе”.

“Дастаткова разгарнуць любую газету, бачым, што існуе зло, сатана дзейнічае. Але хачу сказаць гучным голасам: Бог мацнейшы! (...) Хачу дадаць, што рэальнасць, часам цёмная, пазначаная злом, можа змяніцца, калі мы першымі прынясём святло Евангелля, перш за ўсё, сваім жыццём”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак прывёў прыклад чалавека, які свеціць запальніцай на стадыёне – калі ён адзін, то святло будзе амаль незаўважным, але калі гэта зробяць разам 70 тыс. асоб, стадыён напоўніцца святлом. “Зробім так, каб наша жыццё стала святлом Хрыста, панясём разам святло Евангелля ў паўсюдную рэальнасць”, - заклікаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што мэтай Божага народа з’яўляецца поўнае адзінства з Панам, уваход у Боскае жыццё, “дзе зможам жыць радасцю Яго любові без межаў”.

“Дарагія браты і сёстры, быць Касцёлам, быць Народам Божым, паводле вяліка плану любові Айца – гэта быць Божым ферментам сярод людзей, абвяшчаць і несці Божае збаўленне нашаму свету, часта згубленаму, патрабуючаму адказаў, якія б натхнялі, давалі надзею і новы запал на шляху”, - сказаў Папа.

На заканчэнне катэхезы Пантыфік пажадаў, каб Касцёл заўсёды станавіўся месцам Божай міласэрнасці і надзеі, дзе кожны зможа быць пачутым, любімым, прабачаным і натхнёным паводле Еванелля.








All the contents on this site are copyrighted ©.