Францыя: вандалы пашкодзілі старажытны катэдральны касцёл
Чарговая хваля актаў
вандалізма супраць хрысціянскіх святыняў пракацілася па Францыі. У мінулыя выходныя
вандаламі былі пашкоджаны ўнікальныя помнікі архітэктуры: катэдральныя касцёлы ў французскіх
Нанце і Леможы. У Нанце злачынцы змаглі пранікнуць унутр святыняў і нанеслі абразлівыя
надпісы і выявы сатанінскага, нацыскага і феміністычнага зместу на хорах, старажытных
алтарах, скульптурах святых і сценах касцёлаў.
Міністр унутраных спраў Францыі,
Мануэль Вальс запэўніў католікаў краіны у сваёй поўнай салідарнасці з імі і мабілізацыі
паліцэйскіх сіл для пошуку і пакарання злачынцаў.
У нядзелю 9 чэрвеня, біскуп
Нанта Жан-Поль Жаме узначаліў спецыяльную малітву ў катэдральным касцёле, падчас якой
нагадаў, што “рэлігійная свабода з’яўляецца супольным дабром”. Ён заклікаў спадзявацца
на справядлівае пакаранне вандалаў і не ўваходзіць “унутр спіралі насілля” адказваючы
злом на зло. “Мы ўшаноўваем Хрыста ўваскрослага і верым, што нянавісць будзе пераможана
любоўю”, - сказаў ён.
Катэдральны Касцёл св. Пятра і св. Паўла ў Нанце – гэта
адзін з самых буйных гатыцкіх храмаў Францыі. Яго будаўніцтва працягвалася больш за
450 гадоў: яно пачалося ў XV ст., а закончылася ў 1891 г.