Ватыкан: у чаканні візіта кіраўніка Англіканскай Царквы
На асаблівасці сустрэчы
папы Францішка і архіепіскапа Кентэрберыйскага Джасціна Уэлбі, якая адбудзецца 14
чэрвеня ў Ватыкане, звярнуў увагу адказны за адносіны з англіканамі пры Папскай рады
спрыяння хрысціянскаму адзінству кс. прэлат Марк Лангхам. Святар падкрэліў, што гэта
будзе першы візіт у Рым новаабранага кіраўніка Англіканскай Царквы і менавіта па ініцыятыве
апошняга у праграму візіта была ўключана малітва каля магілаў апостала Пятра і бл.
Яна Паўла ІІ. Акрамя таго, кс. Лангхам звярнуў увагу на рысы, якія аб’ядноўваюць англіканскага
лідэра і кіраўніка Каталіцкага Касцёла.
“Мяне па-сапраўднаму ўразіла тое,
што архіепіскап і Святы Айцец маюць асаблівую зацікаўленасць і моцную ўвагу да бедных
і маргіналізаваных – тых, хто мае патрэбу ў дапамозе Касцёла. Для іх, місія Касцёла,
перш за ўсё заключаецца ў тым, каб ісці на перыферыі, да бедных людзей, змяняць іх
жыццё. Для іх вера – гэта не толькі прыватная рэч, але тое, што павінна змяніць свет
і грамадства”, - сказаў супрацоўнік ватыканскай дыкастэрыі.
Кс. Лангхам нагадаў,
што архіепіскап Уэлбі мае вялікі досвед у эканоміцы, бо сам працаваў у банкаўскай
сістэме ў Лондане. “Такім чынам, яго інтэрэсы сканцэнтраваны па-сутнасці на справядлівасці
ў свеце фінансаў. Я думаю, гэта вялікія тэмы і аргументы, якія іх аб’ядноўваюць”,
- сказаў святар.