2013-06-09 13:22:05

Папа перад “Анёл Панскі” нагадаў аб значэнні Божай міласэрнасці (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Пра значэнне Божай міласэрнасці ў жыцці хрысціяніна нагадаў папа Францішак у сваім разважанні перад малітвай “Анёл Панскі” у нядзелю 9 чэрвеня. Святы Айцец нагадаў, што міласэрнасць Езуса гэта не толькі пачуццё, але сіла, якая дае жыццё, якая прыносіць збаўленне чалавеку. Пантыфік падкрэсліў, што Божая міласэрнасць дае жыццё чалавеку і ўваскрашае яго з мёртвых. “Дарагія браты і сёстры! Добры дзень- прывітаў Папа вернікаў- Месяц чэрвень традыцыйна прысвячаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, найвышэйшаму чалавечаму выяўленню Божае любові. Толькі што ў мінулую пятніцу мы святкавалі ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Хрыстуса, і гэтае свята надае тон ўсяму месяцу чэрвеню. Народная пабожнасьць вельмі моцна шануе сімвалы, і Сэрца Езуса з’яўляецца ў найвышэйшай ступені дасканалым сімвалам Божай міласэрнасці. Гэта не фальшывы сімвал, але сімвал сапраўдны, які ўяўляе сабой цэнтр і крыніцу, з якой выцякло збаўленне ўсяму чалавецтву.

У Евангеллях мы знаходзім шмат спасылак на Сэрца Езуса, напрыклад, ва ўрыўку Евангелля паводле Мацвея, у якім сам Хрыстус кажа: “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для сваіх душаў” (Мц 11,28-29). Фундаментальным з’яўляецца таксама гісторыя пра смерць Хрыста, што апісваецца ў Евангеллі паводле Яна. Гэты евангеліст сведчыць пра тое, што бачыў на Кальварыі, менавіта пра тое, што адзін салдат, калі Езус быў ужо мёртвым, прабіў Яму бок дзідай, і з раны выцякла кроў і вада.( Ян 19,33-34). Евангеліст Ян прызнаў у гэтым знаку, зусім выпадковым, здзяйсненне прароцтва: з Сэрца Езуса, Ягняці прынесенага ў ахвяры на крыжы, выплывае на ўсіх людзей прабачэнне і жыццё.

Але міласэрнасць Езуса гэта не толькі пачуццё, але гэта сіла, якая дае жыццё, якая прыносіць збаўленне чалавеку! Аб гэтым кажа таксама сённяшняе Евангелле, у эпізодзе пра ўдаву з Наіна (Лк 7,11-17). Езус са сваімі вучнямі прыходзіць менавіта ў Наін, вёску ў Галілеі ў той самы момант,калі адбываецца пахаванне, калі неслі пахаваць хлопчыка, адзінага сына ўдавы. Езус скіроўвае свой позірк на маці, якая плача. Кажа евангеліст Лука: “Убачыўшы яе, Пан злітаваўся над ёю і сказаў: “Не плач”.(Лк 7.13). Гэтае “спачуванне”з’яўляецца любоўю Бога да чалавека, значыць стаўленнем Бога ў кантакце з чалавечымі пакутамі, з нашай беднасцю, цярпеннямі і страхамі. Біблейскі тэрмін “спачуванне” спасылаецца на ўлонне маці: бо па сутнасці маці зазнае рэакцыю ўсёй сабой ў абліччы болю сваіх сыноў. Так нас любіць Бог, кажа Святое Пісанне.

Але якім з’яўляецца плён гэтай любові? Ім з’яўляецца жыццё. Езус сказаў ўдаве з Наіна: “Не плач” і затым звярнуўся да памерлага хлопца і абудзіў яго быццам са сну(Лк 7,13-15.). Падумайма пра гэта. Божая міласэрнасць дае жыццё чалавеку, ён уваскрос з мёртвых. Пан заўсёды глядзіць на нас з міласэрнасцю, чакае нас з міласэрнасцю. Мы не павінны баяцца наблізіцца да Яго! Ён мае міласэрнае сэрца! Калі мы пакажам Яму нашы ўнутраныя раны і грахі, Ён заўсёды прабачыць нам. Ён чыстая міласэрнасць! Не забывайма пра гэта, Ён заўсёды прабачае! Мы павінны заўсёды ісці да Езуса!

Звернемся да Панны Марыі: яе Беззаганнае Сэрца, сэрца маці, падзяліла ў найвышэйшай ступені “спачуванне” Бога, асабліва ў гадзіне мукі і смерці Езуса. Няхай Марыя дапамажа нам быць лагоднымі, пакорным і міласэрнымі з нашымі братамі”.

Як адзначылі арганізацыйныя службы, сёння на плошчы перад ватыканскай базылікай і на вуліцах прылягаючых да яе зноў сабралася шмат вернікаў і турыстаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.