Папа да Прэзідэнта Італіі: італьянцы дазволілі мне адчуць сябе зноў дома
8 чэрвеня папа Францішак
сустрэўся з Прэзідэнтам Італьянскай Рэспублікі Джорджа Напалітана, які прыбыў у Ватыкан
са сваім першым афіцыйным візітам. Палітыка суправаджалі міністр замежных спраў Эмма
Баніні і пасол Італіі пры Апостальскай Сталіцы Франчэска Марыя Грэка. Пасля абмену
падарункамі і прыватнай размовы ў бібліятэцы Апостальскага палаца, Папа звярнуўся
да прысутных з прамовай. Ён падкрэсліў, што візіт кіраўніка Італіянскай дзяржавы пацвярджае
выдатныя адносіны паміж Італіяй і Святым Пасадам і нагадвае вобраз двух пагоркаў –
Квірынале (на якім размяшчаецца Прэзідэнцкі палац) і Ватыкана, “якія глядзяць адно
на аднаго з павагай і сімпатыяй”. Святы Айцец, між іншым, казаў пра пагрозы, якія
існуюць у свеце для рэлігійнай свабоды. “У сённяшнім свеце рэлігійная свабода часцей
абвяшчаецца, чым рэалізуецца. Яна, па-сапраўднаму, падвергнута пагрозам рознага тыпу
і не рэдка парушаецца. Цяжкія нападкі на гэта першаснае права з’яўляюцца прычынай
для сур’ёзнага хвалявання і павінны выклікаць адзінадушную рэакцыю краін свету, у
выглядзе сцвярджэння, насуперак нападкам, недакранальнасці годнасці чалавечай асобы”,
- сказаў Папа.
Перад абліччам крызіса, які перажывае свет, Папа звярнуў увагу
на важную ролю католікаў ў палітычнай сферы, а таксама супрацоўніцтва паміж веруючымі
і няверуючымі на карысць больш справядлівых грамадстваў.
“Шмат разоў Бэнэдыкт
XVI казаў, што сучасны крызіс павінен стаць нагодай для братэрскага абнаўлення чалавечых
адносінаў. Таксама і італьянскі народ, з даверам і крэатыўнасцю, натхняючыся сваёй
багатай хрысціянскай традыцыяй і прыкладам сваіх святых апекуноў, такіх як св. Францішак
з Асізі ці Катарына з Сіены, шматлікіх святароў і свецкіх, маўклівым сведчаннем многіх
жанчын і мужчын, можа і павінен перамагчы любыя падзелы і ўзрастаць у справядлівасці
і супакоі, працягваючы выконваць сваю асаблівую ролю ў еўрапейскім кантэксце і ўсёй
сям’і народаў”, - сказаў Папа.
Францішак выразіў Джорджа Напалітана падзяку
за візіт і цёплы прыём, які аказалі яму італьянцы пасля абрання на Пасад св. Пятра.
“Яны мне дазволілі зноў адчуць сябе дома! Няхай Італія, будзе гасцінным домам для
ўсіх”, - сказаў Святы Айцец.