2013-06-07 13:07:01

Папа да юнакоў і дзяўчат пра мастацтва веры, крызіс і ватыканскія апартаменты


RealAudioMP3 Святы Айцец сустрэўся 7 чэрвеня ў Ватыкане з навучэнцамі езуіцкіх школ Італіі і Албаніі. Ён адзначыў, што, знаходзячыся сярод 9 тыс. маладых людзей, адчувае сябе “па-сапраўднаму дома”. Францішак нагадаў аб гісторыі і місіі св. Ігнацыя Лаёлы, які зразумеў на пэўным этапе свайго жыцця, што самай лепшай яго мадэллю і найлепшым настаўнікам з’яўляецца Езус. Пантыфік заўважыў, што на пытанне: “Навошта хадзіць у школу?”, прагучала б шмат адказаў, але ўсе яны ўпісваліся б у адну адзіную формулу – “школа з’яўляецца адным з адукацыйных асяроддзяў, у якім мы вучымся жыць, каб стаць мужчынамі і жанчынамі дарослымі і сталымі, быць у стане ісці па дарозе жыцця”. Школа вучыць чалавека быць велікадушным, заўважыў Папа, “гэта значыць мець вялікае сэрца, веліч душы, жаданне мець вялікія ідэалы, асягнуць вялікія рэчы ў адказ на тое, што Бог патрабуе ад нас, а для гэтага кожны дзень усё рабіць дасканала, усе штодзённыя справы, абавязкі, сустрэчы з людзьмі, кожны дзень рабіць маленькія рэчы з вялікім сэрцам, адкрытым для Бога і для іншых”. “Школа пашырае не толькі ваша інтэлектуальнае вымярэнне, але і чалавечае”, - заўважыў Святы Айцец. На яго думку, асабліва езуіцкія школы робяць усё, каб развіваць чалавечыя цноты: вернасць, павагу, адданасць.

Францішак запрасіў маладых людзей спыніцца на двух фундаментальных каштоўнасцях: свабодзе і служэнні. Свабода, падкрэсліў ён, гэта не права рабіць усё, што хочаш, атрымліваць вострыя ўражанні. Свабода заключаецца ў асэнсаванні таго, што мы робім, ацэнцы, што добра і што дрэнна, каб выбіраць заўсёды дабро. Свабода – гэта не баяцца “ісці супраць плыні, нават калі гэта не так проста”, дадаў Францішак і запрасіў юнакоў і дзяўчат быць вольнымі і мужнымі ў сваіх жыццёвых выбарах.

Служэнне, нагадаў Святы Айцец, гэта другая вызначальная для хрысціяніна рыса. Яна дазваляе не замыкацца ў сабе і сваім уласным свеце, “але быць адкрытым для іншых, асабліва бедных і маючых патрэбу, працаваць, каб палепшыць свет, у якім мы жывем”, дадаў ён.

Францішак звярнуўся таксама да педагогаў. “Выхаванне – гэта не прафесія, а стаўленне, спосаб быцця. Каб выхоўваць, трэба выйсці за межы сябе і быць пасярод моладзі”, - звярнуў увагу ён. Святы Айцец запрасіў выхавацеляў сведчаць каштоўнасці сваім жыццём. Ён заўважыў, што адукацыя як такая заўсёды знаходзіцца ў зоне рыску, тут не можа трываць у пачуцці бяспекі, гэта пастаянны пошук.

Святы Айцец не чытаў загадзя падрыхтаванага для сустрэчы тэксту, ён зрабіў толькі яго кароткі сінтэз, патлумачыўшы гэта нежаданнем “стаміць” маладых слухачоў. Затым Францішак ініцыіраваў дыялог з юнакамі і дзяўчынамі і прапанаваў ім задаваць пытанні. Першае прагучала ад хлопца, які назваў сябе “шукаючым веры”. Ён папрасіў Папу ў некалькіх словах накіраваць яго ў шляху да веры. Францішак адказаў, што “ісці – гэта мастацтва”, мастацтва бачыць накірунак, гарызонт, бароцца са стомленасцю, “не баяцца няўдач і ўпадкаў”. Папа даў параду тым, хто шукае Бога, ніколі не ісці адным; трэба крочыць разам, перш за ўсё з сябрамі, якія дапамогуць знайсці тое, да чаго імкнемся. “Не можна жыць без сяброў”, - заключыў ён.

Прагучала пытанне і пра адмову Пантыфіка ад папскіх апартаментаў. Святы Айцец адзначыў, што гэта рашэнне зыходзіць з яго індывідуальнасці. Ён заўважыў, што існаванне беднасці ў свеце – гэта “скандальная справа”, яе не павінна існаваць. Мы ўсе павінны імкнуцца быць бліжэй да бедных, сказаў Францішак.

Маладыя людзі запыталіся Святога Айца і пра яго погляд на складаную эканамічную сітуацыю ў свеце. “Крызіс – не заўсёды дрэнны”, - адказаў Папа. На яго думку, менавіта моладзь павінна спрабаваць пазнаць сапраўднае значэнне крызісу, бо толькі гэта дапаможа выйсці з яго. Сённяшні крызіс, нагадаў Папа, гэта перш за ўсё крызіс чалавечы, а не эканамічны і фінансавы, гэта крызіс чалавечай асобы. Свет апынуўся ў ім, бо перастаў лічыцца з чалавекам, даверыўся грашам. Сучасная асоба – гэта нявольнік грашэй, і маладыя хрысціяне павінны дапрамагчы ёй вызваліцца, добра зразумеўшы, што такое крызіс.

На заканчэнне сустрэчы папа Францішак заклікаў юнакоў і дзяўчат нікому і нічому не дазволіць забраць у іх надзею.







All the contents on this site are copyrighted ©.