2013-06-07 13:38:45

Ватыканскі іерарх пра ролю і місію сучаснага святара


RealAudioMP3 Cувязь кожнага чалавека з Богам, сваім Стварыцелем – вось што павінен падтрымліваць святар. 7 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, адзначаецца Сусветны дзень малітвы аб асвячэнні святароў. Сакратар Кангрэгацыі па справах Духавенства, арцыбіскуп Сельсу Морга Ірусубьета заклікаў усіх да малітвы за духавенства. У артыкуле на старонках ватыканскай газеты ён задаецца пытаннем: навошта каталіцкі святар сённяшняму свету? Некаторыя лічаць, каб займацца сацыяльнай працай і клопатам аб найбольш слабых, змагацца за справядлівасць і мір. Безумоўна так, сцвярджае ватыканскі іерарх, але не гэта на першым месцы, аб чым нагадаў папа Францішак, які падкрэсліў, што Касцёл – гэта не нейкая дабрачынная ці пазаўрадавая арганізацыя.

Каталіцкі святар неабходны таму, што чалавек мае душу духоўную і бессмяротную, нагадаў іерарах і дадаў, што ўся чалавечая свабода палягае на бессмяротнасці душы і магчымасці мець надзею на адкупленне з граху. У бяссмяротнасці душы праяўляецца сапраўдная любоў Бога да ўсяго чалавецтва. Хрыстус дае магчымасць святару пранікнуць ў праўду чалавечай існасці. Сапраўдны Хрыстовы святар, нагадаў сакратар Кангрэгацыі, ніколі не будзе чалавекам мінулага; ён будзе ў любы час суправаджаць асобу, каб дапамагчы ёй пранікнуць у глыбіню сябе і адкрыць вобраз Божы, спазнаць і любіць свайго Створцу. Толькі любоў, якая пераўтварае і змяняе чалавека знутры ва ўсёй яго экзістэнцыяльнай складанасці, можа быць сапраўдным адказам, які развівае чалавека, а не зводзіць яго на перыферыі шляху, дзе яго чакаюць розныя нічога не вартыя матэрыялістычныя ідэалогіі, заўважыў у сваіх разважаннях пра місію і ролю святара арцыбіскуп Ірусубьета.








All the contents on this site are copyrighted ©.