2013-06-06 14:12:51

Францішак: пазбавіцца ідалаў і ісці шляхам любові да адзінага Бога


RealAudioMP3 Кожны з нас мае маленькіх ці вялікіх схаваных ідалаў, але шлях да Бога праходзіць выключна праз любоў да Яго, звярнуў увагу папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 6 чэрвеня. Ён адзначыў, што часта вернікі вызнаюць веру ў Адзінага Бога, але жывуць “маючы ў сваім распараджэнні іншых бажкоў”. “Існуе ідалапаклонства, якое прыйшло да нас праз дух гэтага свету”, - сказаў Пантыфік і нагадаў, што сам Езус маліўся да Айца, каб захаваў нас ад гэтага духа. Паводле Папы, трэба адшукаць у сабе гэтых ідалаў і знішчаць іх, таму што адзіным шляхам, каб ісці за Панам, з’яўляецца любоў, заснаваная на вернасці.

“Вернасць патрабуе, каб мы выгналі прэч ідалаў, выкрылі іх: яны схаваныя ў нашай асабовасці, у нашым спосабе жыцця. Гэтыя схаваныя ідалы робяць так, што мы не можам заставацца вернымі любові. (...) Шлях, які не аддаляе, а набліжае, дазваляе ісці наперад у накірунку Божага Валадарства, гэта шлях вернасці, падобны на шлях сужонскай любові”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў вернікаў прасіць Бога, каб навучыў шляху вернасці і дапамог пазбавіцца ідалаў гэтага свету, якія вядуць да варожасці ў адносінах да Бога. “Гэта складана, але трэба распапачаць”, - сказаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.