2013-06-06 12:49:30

Дамова паміж Святым Пасадам і Ізраілем: блізка да канчатковай мэты


RealAudioMP3 Зеэў Элькін, намеснік міністра замежных спраў Ізраіля, паінфармаваў аб добрых выніках перамоў паміж Святым Пасадам і яго краінай. “Мы набліжаемся да канчатковай мэты, - адзначыў палітык - застаецца вызначыць некаторыя тэхнічныя пытанні і, я думаю, што мы гэта зробім да канца бягучага года”. Падобнай думкі прытрымліваецца таксама кс. прэлат Антуан Камілеры, намеснік сакратара па адносінах Апостальскакй Сталіцы з дзяржавамі, які ўзначальвае ватыканскую дэлегацыю на перамовах. “Мы чакаем заключэння дамовы як мага хутчэй”, - заявіў ён.

Высокапастаўленая дэлегацыя Ізраіля знаходзілася ў гэтыя дні ў Рыме на пасяджэнні сумеснай са Святым Пасадам пастаяннай рабочай камісіі. Асноўная ўвага падчас сустрэчы надавалася актуальным прававым пытанням, звязаным са знаходжаннем Каталіцкага Касцёла ў Святой Зямлі, а таксама праблеме вызвалення ад падаткаў каталіцкіх некамерцыйных устаноў, такіх як бальніцы, хоспісы і школы.

Зеэў Элькін прызнаўся падчас прэс-канферэнцыі ў пасольстве Ізраіля пры Святым Пасадзе, што адбылася кароткая сустрэча ізраільскай дэлегацыі з папам Францішкам, падчас якой палітык ад імя прэзідэнта Шымона Перэса запрасіў Пантыфіка наведаць Ізраіль. На думку Элькіна, такі візіт неабходны ва ўмовах складанай сітуацыі, якая пануе зараз на Блізкім Усходзе.








All the contents on this site are copyrighted ©.