2013-06-06 11:49:16

Бэнэдыкт XVI: “Я жыву, як манах, малюся і чытаю. Я ў парадку”


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI прабывае ў выдатным інтэлектуальным і духоўным стане, ён застаецца чалавекам “з пачуццём гумару і цікавым суразмоўцам, як гэта было заўсёды”, падзяліўся з нямецкім выданнем “Bild” Манфрэд Лютц, аўтар шматлікіх бестселераў. Ён, разам з кардыналам Паўлем Ёзэфам Кордэсам, наведаў у мінулыя дні Пантыфіка на пенсіі, каб прадставіць напісаную імі двума кнігу пра рэформу Каталіцкага Касцёла ў Германіі. “Я жыву, як манах, малюся і чытаю. Я ў парадку”, - прызнаўся Бэнэдыкт XVI падчас паўгадзіннай гутаркі.

Манфрэд Лютц, які мае медыцынскую і тэалагічную адукацыю, даўно ведае Папу на пенсіі, больш за 30 гадоў. Падчас вучобы ў Рыме, яму было дазволена жыць у Ватыкане. У гэты час ён некалькі тыдняў жыў пад адным дахам з тагачасным кардыналам Ёзэфам Ратцынгерам.

“Бэнэдыкт XVI не згубіў сваёй лагоднасці і хрысціянскай бадзёрасці, якія паходзяць ад яго трываласці ў веры”, - заявіў нямецкі пісьменнік. Ён распавёў, што Пантыфіка на пенсіі асаблівым чынам зацікавіў тэзіс, прадстаўлены ў кнізе, згодна з якім Касцёл у Германіі павінен больш канцэнтравацца не на ўладзе і ўплыве, а цалкам прысвяціць сябе сваёй асноўнай місіі.

Манфрэд Лютц і кардынал Кордэс лічаць, што Касцёл у Германіі не павінен быць проста працадаўцам. Асабліва ў выпадку тых людзей, якія не атаясамліваюць сябе з яго меркаваннем і пазіцыяй. Каталіцкія школы, бальніцы, цэнтры для бяздомных або дзіцячыя садкі павінны весці пабожныя хрысціяне. Замест штатных супрацоўнікаў, усе нямецкія католікі павінны больш клапаціцца аб сваіх патрабуючых братах, дапамагаць і служыць. “Любові да бліжняга не можна дэлегаваць”, - сцвярджаюць аўтары кнігі пра рэформу Касцёла ў Германіі.







All the contents on this site are copyrighted ©.