Апостальская Сталіца стаіць на баку эмігрантаў і бежанцаў
6 чэрвеня ў Ватыкане
адбылася прэзентацыя сумеснага дакументу Папскай рады пастырства мігрантаў і падарожнікаў
і Папскай рады “Cor unum” на тэму бежанцаў і прымусовых мігрантаў. Гаворка ў ім ідзе
ў першую чаргу пра ахвяр ваенных канфліктаў, прыродных катаклізмаў, гандлю людзьмі
і прымусовай працы. На сённяшні дзень у свеце да такіх людзей адносяцца каля 100 млн.
чалавек, і ўсе яны патрабуюць розных форм абароны. У сувязі з гэтым, Апостальская
Сталіца робіць шэраг прапаноў, якія тычацца больш эфектыўнага міжнароднага супрацоўніцтва
на карысць бедных краін, арганізаванай дапамогі ахвярам войнаў і катаклізмаў, а таксама
спрыяння інтэграцыі бежанцаў у новыя грамадствы і дапамогі ў добраахвотным вяртанні
на Радзіму.
Паводле старшыні Папскай рады пастырства мігрантаў і падарожнікаў,
кардынала Антоніа Марыі Вэльё, нягледзячы на існаванне Канвенцыі аб статусе бежанцаў,
прынятай яшчэ ў 1951 г., многія краіны не паважаюць іх правы, што прыводзіць да ўзнікнення
новых складаных сітуацый. На яго думку, працэдуры прыняцця бежанцаў павінны быць спрошчаны,
а закрыццё межаў з’яўляецца “непрымальным адказам” на праблему вымушанай міграцыі.
Іерарх адзначыў, што абмежаванне доступу мігрантаў на тэрыторыю еўрапейскіх краін
прывяло да павелічэння нелегальнага перамяшчэння, звязанага з рызыкай для жыцця людзей.
Кардынал
Вэльё нагадаў таксама, што Святы Пасад намагаецца роўнага ўдзелу усіх слаёў насельніцтва
ў жыцці грамадстваў, павелічэння выдаткаў на сацыяльныя праграмы, скасавання пазыкаў
бедных краін і рэфармавання міжнароднай фінансавай сістэмы на іх карысць, барацьбы
з карупцыяй, паменьшэння ваенных расходаў, больш шырокага доступу да лекаў ад СНІДу,
туберкулёзу, малярыі і трапічных хвароб.