2013-06-05 14:45:08

“Веру, ведаю, разумею”. Шчаслівая тая, якая паверыла. Няхай мне станецца...


RealAudioMP3 Мы працягваем цыкл разважанняў пад назвай “Шчаслівая тая, якая паверыла”. У яго рамках мы размаўляем пра веру Найсвяцешай Панны Марыі, а калі дакладней, пра тое, чаму вера Маці Божай можа навучыць кожнага з нас. У мінулай праграме, мы пачалі гаварыць пра значэнне слоў Марыі, прамоўленых на заканчэнне дыялога з арханёлам Габрыэлем у момант Звеставання: “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова”.

“Няхай мне станецца паводле твайго слова”. Марыя больш не задавала ніякіх пытанняў, не казала, што хоча падумаць, узважыць усё. Яна адразу адказала “так”. Адкрытасць на “прыгоды” з Богам, гарачае жаданне пачаць супрацоўніцтва з Ім – гэта рыса характарызуе святых. Святыя бачаць тое светлае, прыгожае, незвычайнае, што прапануе Бог.

Тут гаворка ідзе не пра абавязак, які можна выконваць, нават без задавальнення, з сумам. Так, нажаль, ставяцца да адносін з Богам многія хрысціяне – робяць тое ці іншае, таму што абавязаны гэта рабіць. Ісці на св. Імшу ў нядзелю – таму што трэба, маліцца – таму што трэба, чытаць Біблію – таму што трэба, а не таму што хачу больш пазнаваць Хрыста, уваходзіць у Яго логіку, любіць Яго.

Такое захаванне часам можа быць непрадуктыўным. Яно можа быць кепскім сведчаннем для іншых – паказваць ім, што перш за ўсё існуе строгае выкананне пэўных прадпісанняў, а не адносіны з жывым, добрым, любячым Богам.

Не! Марыя паказвае адваротнае! Яна зразумела што з’яўляецца слугой Пана. А калі Пан звярнуўся да яе з прапановай, то з энтузіязмам адказала “так”. Нібыта пацвердзіла: я хачу, каб так сталася! Сэнс веры заключаецца ў тым, каб адкрыцца на смак незвычайнага, цудоўнага, прыгожага – таго, што можа даць Бог.

Марыя, маладая дзяўчына, зразумела, што наблізіцца да Бога – гэта цудоўна. Што дазволіць Яму кіраваць сваім жыццём – гэта цудоўна. Пачаць прыгоды разам з Богам – гэта незвычайна цудоўна. Марыя зразумела гэта жыццё да самай яго глыбіні. Яна зразумела, чаго трэба шукаць у ім.

Многіх пужае, што жыццё веры часта звязана з прыніжэннем, ахвярай, болем. Але па-за ўсім гэтым ёсць нешта больш глыбокае. У акце веры заўсёды прысутнічае промень святла, які асвятляе усё. Жыццё веруючага чалавека заўсёды звязана з удзелам у збаўленні свету. Хворы, які ахвяруе свой боль, цалкам давяраючы Богу, адкрываецца на збаўленне свету. Яго ложак становіцца святым месцам, алтаром, з якога сыходзіць святло, супакой, радасць.

Супрацоўніцтва з Богам заўсёды цудоўнае і прыгожае. Бог нас не кліча ніколі да спраў брудных, сумных, нецікавых, банальных, але заўсёды да незвычайных. Яны могуць быць складанымі, таму што па-сапраўднаму каштоўныя і прыгожыя справы, яны такія. Тое, што робіцца на “раз-два” – гэта павярхоўна, яно не каштуе шмат. Каштуе тое, што звязана з выклікамі. Цяжкасці, яны заўсёды прывабліваюць. Не цікава глядзець футбольны матч, дзе ведаеш, што адна з камандаў пераможа 12:0, але цікава глядзець той, дзе ёсць інтрыга, выклік, намаганні.

Імкненне да камфорту, як і пазбяганне цяжкасцяў, забівае нашу веру. Так мы становімся хрысціянамі банальнымі, сумнымі, без імкнення да незвычайнага. Быць адкрытымі і самім шукаць супрацоўніцтва з Богам – да гэтага нас заклікае прыклад Марыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.