2013-06-04 12:44:40

Францішак сустрэнецца з кіраўніком Англіканскай Царквы


RealAudioMP3 Папа Францішак 14 чэрвеня сустрэнецца з новаабраным кіраўніком Англіканскай Царквы, архіепіскапам Джасцінам Уэлбі. Гэту навіну пацвердзіў у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву “SIR” кс. прэлат Марк Лангам, адказны за дыялог з англіканамі ў Папскай радзе спрыяння хрысціянскаму адзінтву. Ён адзначыў, што візіт Архіепіскапа Кентэрберыйскага ў Ватыкан будзе хоць “кароткім і нефармальным”, але вельмі важным, бо гэта будзе першая сустрэча папы Францішка і архіепіскапа Уэлбі. Паводле прадстаўніка Папскай рады, сустрэча стане добрай нагодай як для Пантыфіка, так і для прымаса Англіканскай Царквы, лепш і глыбей пазнаёміцца паміж сабой. Святар дадаў, што архіепіскап Уэлбі мае жаданне абмеркаваць з Папам некаторыя важныя сусветныя праблемы, у тым ліку пытанні справялівасці і беднасці ў свеце. “У сэрцах абодвух ляжаць тыя ж тэмы, таму, думаю, сустрэча будзе вельмі плённай”, - адзначыў супрацоўнік Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінтву.

Ужо па традыцыі, пачанаючы з 1960-х гадоў, новапрызначаны кіраўнік Англіканскай Царквы прыбывае ў Рым для сустрэчы з Пантыфікам. Архіепіскап Уэлбі неаднойчы з павагай выказваўся адносна сацыяльнага навучання Каталіцкага Касцёла. Нядаўна іерарх, разам з прымасам Каталіцкага Касцёла Англіі і Уэльса, арцыбіскупам Вінсэнтам Нікалсам, выступіў супраць рашэння ўрада Кемерана, які меў намер скараціць сацыяльныя выдаткі ў Вялікабрытаніі.

Падчас візіту ў Ватыкан англіканскі іерарх наведае месца пахавання бл. Яна Паўла ІІ і сустрэнецца з кардыналам Куртам Кохам, старшынёй Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.








All the contents on this site are copyrighted ©.