2013-06-04 11:25:17

Ватыканскі кардынал пра духоўнае вымярэнне прадпрымальніцтва


RealAudioMP3 Прадпрымальніцтва мае духоўнае вымярэнне, што бізнес-лідэры не павінны выпускаць з-пад увагі, нагадаў кардынал Пітэр Тарксан. Старшыня Папскай рады “Iustitia et Pax” прапанаваў прадпрымальнікам уважлівей паглядзець на праблемы і магчымасці свайго прафесійнага жыцця ў святле сацыяльна-этычнай перспектывы, натхнёнай Евангеллем, і працаваць адпаведным чынам. “Вашай дзейнасцю вы павінны сведчаць, што вера і бізнес не павінны быць узаемавыключальнымі”, - сказаў ватыканскі кардынал да ўдзельнікаў 7-га Дня прадпрымальніка, які прайшоў у нямецкім Дортмундзе ў мінулыя дні.

Кардынал Тарксан назваў “знакамі часу” амбівалентнасць глабалізацыі, сучасныя камунікацыйныя тэхналогіі, глабальныя фінансавыя рынкі і глыбокія культурныя змены. “Прэтэнзіі сталі важнейшымі за абавязацельствы, галабальнае бачанне – згублена”, - паставіў дыягназ кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі. Кампаніі павінны “вырабляць тавары, сапраўды добрыя, і прапаноўваць паслугі, якія сапраўды служаць”, толькі гэта будзе служыць агульнаму дабру, падкрэсліў кардынал. Размова ідзе таксама пра салідарнасць з беднымі, каб адказаць на патрэбы абяздоленых і незабяспечаных, шляхам стварэння дастойных умоў працы, адказнага карыстання фінансамі, чалавечымі і прыроднымі рэсурсамі, дадаў іерарх.
Бізнес-лідэры павінны вымяраць свой поспех і значэнне сваіх дзеянняў не толькі прыбыткам, але і тым, наколькі практычныя прынцыпы знаходзяць прымяненне, звярнуў увагу кардынал Тарксан. Гэта ўключае, у прыватнасці, чалавечую годнасць, каб працаўнік не разглядаўся выключна як рабочая сіла, але цэласны суб’ект сацыяльных адносін. У якасці прыкладу, кіраўнік Папскай рады прывёў беспрацоўных, мала зарабляючых, работнікаў без кваліфікацыі і мігрантаў, а таксама бізнес-партнёраў у іншых краінах. “Проста падумайце аб спусташальным пажары на швейных фабрыках у Бангладэш, якія працавалі для еўрапейскіх кампаній”, - звярнуў увагу ён.

Іерарх нагадаў нямецкім прадпрымальнікам, што поспех не можа палягаць выключна на пастаўшчыках, кліентах, уласных супрацоўніках або навакольным асяроддзі, а павінен быць звязаны з паляпшэннем умоў жыцця людзей і іх развіццём.







All the contents on this site are copyrighted ©.