2013-06-04 11:21:53

Адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з арцыбіскупам Гуджэроцці


RealAudioMP3 4 чэрвеня адбылася сустрэча паміж Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнка і Апостальскім нунцыем у Беларусі, арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці. Кіраўнік краіны выказаў падзяку за падтрымку, якую Святы Пасад аказвае Беларусі ў арганізацыі наладжвання адносін з Еўрапейскім саюзам. “Проста абавязаны падзякаваць за падтрымку, якую вы аказваеце нам у арганізацыі наладжвання стасункаў з ЕС. Усё роўна, будзе ад гэтага вынік ці не, але я ведаю, што вы гэтага вельмі жадаеце”, - цытуе беларускага лідэра “БЕЛТА”.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Каталіцкі Касцёл вядзе ў Беларусі “вельмі правільную палітыку”, актыўна працуе з насельніцтвам. “Мы ніколі не сустракалі такога разумення ад паслоў Ватыкана, як ад вас, - дадаў кіраўнік дзяржавы. - Мы ведаем, што многія кіраўнікі ў Ватыкане прытрымліваюцца вашай пазіцыі па Беларусі, некаторыя з іх жадаюць наведаць яе. Перадайце ім, што мы заўсёды з вялікім задавальненнем гатовы іх прыняць”.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ў сваю чаргу адзначыў, што Беларусь заслугоўвае ўсялякай павагі. Апостальскі нунцый падкрэсліў, што маючы адбыцца візіт у краіну кардынала Жан-Луі Тарана – ясны знак той увагі, якую Святы Пасад надае ўмацаванню беларуска-ватыканскіх адносін.







All the contents on this site are copyrighted ©.