Святы Айцец: Касцёл – гэта не культурная арганізацыя
Касцёл – гэта не культурная
арганізацыя, але сям’я Езуса, нагадаў папа Францішак. Пантыфік адзначыў, што самую
злосць кніжнікаў і фарысеяў выклікалі больш за ўсё не цуды Езуса, а тое, што дэманы,
якіх Ён выганяў, прызнавалі ў Ім Святога, Сына Божага. Таксама і сёння Касцёл “правакуе”
свет таямніцай уцелаўлення Слова. І гэта “сатана не талеруе”, - сказаў Папа. Святы
Айцец заўважыў, што часта можна пачуць, як хрысціян просяць быць “нармальнымі”, “не
занадта строгімі”, што на самой справе азначае: “не расказвайце нам гісторый пра тое,
што Бог стаў чалавекам”. “Уцелаўленне Слова – гэта правакацыя! Мы можам рабіць шмат
у сацыяльнай сферы і нам скажуць: “Які добры Касцёл. Ён так добра дзейнічае ў сацыяльнай
сферы”. Але калі скажам, што мы робім гэта, таму што людзі з’яўляюцца целам Хрыста,
узнікае скандал. Але менавіта ў гэтым праўда, у гэтым адкрыццё Езуса: у прысутнасці
ўцелаўлёнага Езуса”, - сказаў Папа.
Францішак нагадаў словы апостала Яна, паводле
якога, хто не прымае ўцелаўленне Слова, паходзіць ад антыхрыста. Папа заклікаў не
забывацца, што “Касцёл – гэта не культурная арганізацыя”. “Касцёл – гэта сям’я Езуса.
Касцёл вызнае, што Езус – гэта Сын Божы, які стаў целам: у гэтым правакацыя, і за
гэта пераследавалі Езуса. (...) Ён быў асуджаны на смерць за гэта. У гэтым прычына
пераследу. Калі мы станем разважлівымі, сацыяльна накіраванымі хрысціянамі, хрысціянамі
выключна дабрачыннымі – якімі будуць наступствы? Такімі, што не будзе мучанікаў”,
- адзначыў Пантыфік.
Францішак заклікаў прасіць Бога аб мужнасці не саромецца
“правакацыі крыжа” і не дазволіць звесці сябе духу гэтага свету, які заўсёды робіць
прапановы адукаваныя, цывілізаваныя, добрыя, але за якімі хаваецца адмаўленне факту
ўцелаўлення Слова.