2013-06-01 10:56:11

Папа: слуханне, рашучасць і дзеянне – рысы Марыі


RealAudioMP3 Слуханне, рашучасць і дзейнасць – характарызуюць Панну Марыю і ўказваюць кожнаму хрысціяніну шлях да рэалізацыі закліку Езуса, падкрэсліў Пантыфік, звяртаючыся да вернікаў пасля ружанцовай малітвы, якая прайшла вечарам 31 мая на плошчы св. Пятра. Сваё кароткае разважанне Папа пабудаваў вакол гэтых трох рысаў Марыі. Маці Божая “не проста чула словы Пана, але слухала іх з увагай, сардэчнасцю, адкрытасцю на Яго”, - адзначыў папа Францішак і дадаў, што яна імкнулася зразумець іх глыбокае значэнне, чытаючы праз прызму канкрэтнай жыццёвай рэальнасці. Рашучасць Панны Марыі, паводле Папы, праявілася асаблівым чынам падчас Звеставання і вяселля ў Кане Галілейскай, калі яна, убачыўшы канкрэтную праблему людзей, рашуча звярнулася за дапамогай да свайго Сына. Папа падкрэсліў, што людзі часта баяцца прымаць рашэнні, бо не жадаюць сустракацца з цяжкасцямі ці неабходнасцю ісці “супраць плыні”. Марыя, аднак, рашуча давярала Богу.

Вынікам рашучасці і ўважлівага слухання Бога, на думку Святога Айца, стала дзеянне Марыі. “Дзеянне Марыі – гэта наступства яе паслухмянасці словам анёла, аб’яднанай з любоўю: яна пайшла да Альжбеты для таго, каб быць карыснай. Яна з любові выйшла са свайго дому, па-за саму сябе, і панесла самае каштоўнае, што мела – Езуса – панесла Сына”, - сказаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што вернікі часта спыняюцца на слуханні, разважанні аб тым, што павінны рабіць, але не ідуць у напрамку ўчынкаў: дапамогі, суперажывання, любові, самае каштоўнага, што атрымалі: Езуса і яго Евангелля.

Папа заклікаў прасіць Марыю аб здольнасці чуць слова Пана ў сучаснай рэальнасці, аб паслухмянасці, рашучасці і ўменні дзейнічаць, несучы іншым любоў Езуса і святло Евангелля.








All the contents on this site are copyrighted ©.