2013-05-31 10:08:59

Святы Айцец: праз дзяленне наша жыццё становіцца плённым


RealAudioMP3 “Езус прамаўляе ў маўчанні таямніцы Эўхарыстыі і кожны раз нам нагадвае, што ісці за Ім азначае выходзіць па-за самаго сябе і не рабіць з жыцця ўласнай маёмасці, але дар, для Яго і іншых”, - з такімі словамі звярнуўся Папа да ўдзельнікаў св. Імшы ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якую цэлебраваў 30 мая перад базылікай св. Яна на Латэране. Францішак паразважаў над евангельскім фрагментам, у якім апавядалася пра тое, як Езус накарміў вялікі натоўп, праз памнажэнне хлябоў. Тут Пантыфік звярнуў асаблівую ўвагу на паводзіны вучняў Хрыста, якія прапаноўвалі адпусціць людзей, каб пайшлі ў бліжэйшыя гарады і самі знайшлі сабе ежу і начлег. “Перад абліччам патрэбаў натоўпу, вось рашэнне вучняў: няхай кожны думае пра самаго сябе, адпусціць людзей! Колькі разоў, мы хрысціяне, маем такую спакусу! Не бярэм на сябе клопат пра патрэбы іншых, адпускаючы іх з жаласнымі словамі: “Няхай Бог табе дапаможа”, ці з не вельмі жаласнымі: “Шчаслівага шляху” і каб я цябе больш не бачыў... Але рашэнне Езуса ідзе ў іншым накірунку, накірунку, які здзіўляе вучняў: “Вы самі дайце ім есці”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што Езус загадаў пасадзіць людзей на траву, сам узяў той хлеб, які яны мелі, благаславіў і даў вучням, каб раздалі галодным. “Гэта момант глыбокай камуніі: натоўп быў насычаны словам Пана, а зараз і Яго хлебам жыцця”, - адзначыў Святы Айцец.

“Эўхарыстыя, гэта сакрамэнт камуніі, які дазваляе нам выйсці з індывідуалізма для таго, каб разам жыць наследаваннем, верай ў Яго. Мы ўсе павінны спытаць сябе перад Панам: як я жыву Эўхарыстыяй? Жыву ананімна ці як момантам сапраўднай камуніі з Панам і ўсімі братамі і сёстрамі, які прысутнічаюць на адной і той жа вячэры? Якія нашы эўхарыстычныя цэлебрацыі?”, - спытаў Пантыфік.

Францішак звярнуў увагу на тое, што натоўп быў насычаны малой колькасцю ежы – тым, што мелі. Паводле Папы, гэта ўказвае на важнасць салідарнасці, важнасць не баяцца даверыць Богу тое, што маем, “таму што менавіта ў дзяленні, наша жыццё становіцца ўрадлівым, прыносіць плёны”. “Салідарнасць: гэта слова, якое асуджаецца духам гэтага свету”, - сказаў ён.

Пантыфік падкрэсліў, што “у Эўхарыстыі, Пан дазваляе нам прайсці Яго шляхам, шляхам служэння, дзялення, дару”. “Тое малое, што маем, тое малое чым з’яўляемся, калі дзелімся становіцца багаццем, таму што моц Бога, якой з’яўляецца любоў, сыходзіць на нашу беднасць, каб перамяніць яе”, - сказаў Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.