2013-05-30 09:55:54

Святы Айцец сочыць за сітуацыяй вакол Легіянераў Хрыста


RealAudioMP3 Кардынал Веласіа Дэ Паоліс, папскі дэлегат для Легіянераў Хрыста, паведаміў папе Францішку аб усіх кроках, што робяцца для адновы гэтай супольнасці, заснаванай ужо памерлым мексіканскім святаром Марсіалем Масэлем, абвінавачаным у далейшым у сексуальных злоўжываннях. Аб падрабязнасцях сустрэчы 29 мая паведаміла сама супольнасць на сваёй інтэрнэт-старонцы. Папскі дэлегат быў прыняты Пантыфікам 27 мая. Ён паведаміў аб “розных этапах” развіцця сітуацыі вакол Легіёну Хрыста і яго свецкай галіны – супольнасці “Regnum Christi”. 9 ліпеня 2010 г. Бэнэдыкт XVI прызначыў кардынала Дэ Паоліса сваім прадстаўніком для рэформы касцёльнага інстытута пасля скандалаў з удзелам яго заснавальніка.

Сустрэча доўжылася 45 хвілін. На працягу яе папа Францішак і італьянскі кардынал абмеркавалі новую канстытуцыю Легіёна Хрыста, якая будзе прадстаўлена для зацвярджэння на пазачарговай генеральнай капітуле супольнасці на пачатку 2014 г. Яны прааналізавалі таксама сітуацыю вакол “Regnum Christi”. Іерарх паінфармаваў Пантыфіка аб працах па распрацоўцы канстытуцыі гэтай свецкай галіны Легіёну, якая “будзе рэгуляваць жыццё яе членаў і іх сувязь з легіянерамі”. Дакумент павінна зацвердзіць генеральная асамблея руху.

Канчатковыя вынікі абнаўлення Легіёну Хрыста і “Regnum Christi”, як гаворыцца ў паведамленні, будуць прадстаўлены Святому Айцу, і менавіта ён будзе мець апошняе слова і прыме рашэнне аб ухваленні рэформы. Трэба адзначыць, што яшчэ ў кастрычніку 2012 г. кардынал Дэ Паоліс зацвердзіў “новую харызматычную лінію” супольнасці, якая павінна дапамагчы ёй “не атаясамліваецца з асобай заснавальніка, а тым больш з яго грахамі”.

Кангрэгацыя Легіянераў Хрыста была заснавана ў Мексіцы ў 1941 г. Яна хутка развівалася і ў даволі кароткі час стала адной з самых буйных у Касцёле. У 1997 г. яе заснавальнік, кс. Марсіаль Масэль, быў публічна абвінавачаны ў злоўжываннях адносна маладых семінарыстаў. У 2006 г. Апостальская Сталіца забараніла яму выконваць святарскія абавязкі і наказала весці адасобленае жыццё ў малітве і пакаянні. Улічваючы ўзрост і слабое здароўе Масэля, Кангрэгацыя Веравучэння адмовілася ад касцёльнага судовага працэсу над ім. У маі 2010 г., пасля вывучэння сітуацыі, Апостальская Сталіца сцвердзіла, што Масэль адзначаўся “аб’ектыўна амаральнымі паводзінамі”. Пасля чаго кангрэгацыя Легіянераў Хрыста дыстанцыравалася ад свайго заснавальніка.







All the contents on this site are copyrighted ©.