2013-05-29 14:27:49

“Веру, ведаю, разумею”. Шчаслівая тая, якая паверыла. Слуга.


RealAudioMP3 Мы працягваем цыкл разважанняў пад назвай “Шчаслівая тая, якая паверыла”. У яго рамках мы размаўляем пра веру Найсвяцейшай Панны Марыі, а калі дакладней, пра тое, чаму вера Маці Божай можа навучыць кожнага з нас. У сённяшняй, сёмай праграме з гэтага цыклу, мы зноў звернемся да дыялогу, які адбыўся падчас Звеставання. На словы арханёла Габрыэля Марыя адказала: “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова”. Над гэтым фрагментам з Евангелля паводле св. Лукі мы пахілімся ў сённяшняй праграме.

Трэба адзначыць, што адказ Марыі з’яўляецца кульмінацыяй яе сустрэчы з пасланнікам Божым, і не толькі. Айцы Касцёла казалі, што ў той момант, усё чалавецтва нібыта замерла ў чаканні словаў Марыі, таму што праз “так”, прамоўленае ёй, павінна было пачацца збаўленне, прыход Бога на Зямлю.

Гэты момант паказвае нам адну важную рэч: Бог прапануе нам сваю ласку і ніколі не прымушае да яе. Марыя стаяла перад выбарам: адказаць “так” ці “не”. Таксама і мы, заўсёды маем свабоду сказаць “так” або “не” Богу. Мы можам адмовіцца ад ласкі і ведаем, што ў біблійнай гісторыі так здаралася: Народ Божы адмаўляў Пану, меў цвёрдае сэрца, стамляўся. Гэта “не” у адрас Бога напэўна ведае кожны з нас, у большай ці меншай меры. Але вера падштурхоўвае нас ісці насустрач Богу: заклікае казаць “так” Яго ініцыятыве.

Трэба звярнуць увагу на яшчэ адзін цікавы момант. Словам “так” адказ Марыі не скончыўся. Яна магла б сказаць: “так”, “добра”, “я згодна”, але сказала нешта іншае: “Вось я, слуга Пана”. Марыя акрэсліла сваю ідэнтычнасць – у адказ на прапанову арханёла, сцвердзіла кім з’яўляецца.

Для многіх людзей адказ на пытанне “хто я?” з’яўляецца сапраўднай мукай. Некаторыя губляюць усё жыццё для таго, каб знайсці сваю ідэнтычнасць. Часта пошук адказу на гэта пытанне з’яўлецца прычынай нашых шматлікіх жыццёвых памылак. У старажытнасці, каб паказаць кім з’яўляюцца, людзі будавалі вавілонскую вежу. Сёння мы часта звяртаемся да іншых людзей, нават да рэчаў, каб яны падкрэслілі нашу ідэнтычнасць.

Марыя вельмі добра ўсведамляла, кім з’яўляецца. Яна адказала: “я слуга Пана”. У гэтых словах заключана праўда пра кожнага з нас.

Канешне, слова “слуга” нам не падабаецца. Аднак над ім варта паразважаць. У чым заключаецца самая балючая сітуацыя беспрацоўнага чалавека? У чым боль старых людзей? У тым што яны адчуваюць сябе бескарыснымі. Іх боль выкліканы тым, што іх паслугі нікому не патрэбныя.

Кожны можа спытаць самаго сябе: у чым заключаецца сапраўдны сэнс майго прыбывання побач з іншымі? Адказ будзе прадказальным. Мы адчуваем сябе шчаслівымі, калі можам быць карыснымі. Адзін святар казаў: “калі не служу, то для чаго я патрэбны”. У гэтых словах праўда. Наша жыццё становіцца шчаслівым толькі тады, калі яно служыць іншым, калі мы робім нешта дзеля іншых, калі мы карысныя для іх. Мы былі створаны для таго, каб служыць, любіць. Быць слугамі – гэта наша ідэнтычнасць. Служыць і любіць – у гэтых двух словах схавана самае глыбокае жаданне кожнага чалавека.

Марыя, усведамляючы гэта, адказала: “Вось я, слуга Пана”. Менавіта слуга Пана, а не кагосьці ці чагосьці іншага. Але часта многія служаць зусім не таму гаспадару, які гэтага годны. Св. Францішак, яшчэ да свайго навяртання, пачуў голас, які спытаў: “Каму табе падабаецца служыць больш, Пану ці слугам?”. “Канешне Пану”, - адказаў ён. Тады голас спытаў зноў: “У такім выпадку, чаму служыш слугам?”. Мы павінны служыць Пану і тады будзем служыць іншым. Прыклад Марыі сведчыць аб гэтым.








All the contents on this site are copyrighted ©.