“100 пытанняў – 100 адказаў”. Якія біблійныя карані мае святарскі цэлібат?
Як можа чалавек жыць
без сям’і і назаўсёды адмовіцца ад сужонскіх адносін? Такія пытанні, якія тычацца
святарскага цэлібата ўзнікалі і будуць узнікаць заўсёды. Сённяшняя эпоха не з’яўляецца
выключэннем. Чым больш нашы грамадствы становяцца секурызаванымі, тым больш дысцыпліна
цэлібату становіцца ім незразумелай. У Евангеллі паводле св. Мацвея прыводзяцца словы
Езуса, які папярэджваў, што “не ўсе разумеюць гэтае слова, але тыя, каму дадзена”.
Многія лічаць цэлібат перажыткам мінулага і ўказваюць на яго неактуальнасць.
Маўляў, яго крыніцай былі пэўныя гістарычныя сітуацыі (як напрыклад непатызм у Касцёле
ў эпоху сярэдневечча), а сёння “людзі пакутуюць”. У якасці альтэрнатывы ўзгадваюцца
святары Праваслаўнай ці Усходніх Цэркваў, якія могуць ствараць сем’і. У дыскусіях
падобнага характару часта падкрэсліваецца, што нават у Святым Пісанні няма канкрэтнага
ўказання на тое, што святар абавязаны быць нежанатым.
Так, сапраўды, дысцыпліна
цэлібату тычыцца толькі каталіцкіх святароў лацінскага абраду і ў Бібліі няма ўказання
на тое, што святар абавязкова павінен быць нежанатым. Цэлібат належыць да сферы касцёльнага
права, а не Божага. Тым не менш, гэта дысцыпліна мае глыбокія евангельскія карані.
Пра іх мы пагаворым у нашай сённяшняй праграме.
Па-першае, важна адзначыць,
што ў першых папскіх дакументах, прысвечаных цэлібату, якія пачалі з’яўляцца ў IV
ст., гаворка пра яго не ішла як пра новаўвядзенне, але заўсёды падкрэслівалася сувязь
са старажытнай апостальскай традыцыяй. У сваіх дакументах такія папы як, Дамас І,
Сірыцый і Інакенцій І звярталі ўвагу на існаванне цэлібату ў першых хрысціянскіх супольнасцях.
Такім чынам, практыка адмаўлення святароў ад сужэнскага жыцця не была “сярэдневечнай
выдумкай”, але спрадарожнічала Касцёлу ад самага пачатку яго існавання.
Першай
і галоўнай прычынай цэлібату ў Каталіцкім Касцёле заўсёды было імкненне наследаваць
Езуса Хрыста і сваім жыццём сведчыць пра Валадарства Нябеснае. Як вядома, сам Збаўца
жыў у цэлібаце. Каталіцкі святар, на падабенства Езуса, дабраахвотна вырашае жыць
у цялеснай чысціні і цэлібаце з мэтай належаць усім людзям у роўнай меры, без выключэнняў.
З моманту прыняцця святарскага пасвячэння ён не належыць камусьці больш, а камусьці
менш. Менавіта гэта разумелі многія першыя хрысціянскія святары і імкнуліся рэалізоўваць
у жыцці.
Узгадкі аб важнасці цэлібата для святароў можна знайсці на старонках
Новага Запавету. Напрыклад, у Евангеллях паводле св. Мацвея і св. Лукі ўзгадваюцца
словы Езуса пры тых, якія не жэняцца “дзеля Валадарства Нябеснага”, гэта значыць дзеля
таго, каб цалкам прысвяціць сябе Божым справам і сведчыць пра іх важнасць сваім жыццёвым
выбарам .
На карысць цэлібату не аднойчы казаў і апостал Павел. Напрыклад,
у Першым Пасланні да Карынцянаў ён пісаў: “Я хачу, каб вы былі бесклапотнымі. Нежанаты
клапоціцца пра справы Пана, як спадабацца Пану. А жанаты клапоціцца пра справы гэтага
свету, як спадабацца жонцы, і ён падзелены. Таксама незамужняя жанчына і дзева клапоціцца
пра справы Пана, каб быць святою і целам, і духам, а замужняя клапоціцца пра справы
гэтага свету, як спадабацца мужу. Кажу гэта для вашай карысці, не для таго, каб накінуць
на вас путы, але для таго, каб вы прыстойна і вытрывала служылі Пану”. Таксама апостал
казаў: хто жэніцца робіць добра, “але той, хто не жэніцца, робіць яшчэ лепш”.
З
гэтага ўрыўку бачна, што прычынай добраахвотнага адмаўляння ад сужонскага жыцця, з’яўляецца
жаданне цалкам прысвяціць сваё жыццё “клопату пра справы Пана”. У сувязі з гэтым,
Апостал Народаў папярэджваў, што жанаты клапоціцца ў першую чаргу пра справы гэтага
свету. Адначасова св. Павел ніколі не прыніжаў значэння сужэнства. І цэлібат, у якім
жыў ён сам, і пакліканне да сямейнага жыцця, апостал называў “дарамі”, якія кожны
атрымлівае ад Бога.
Трэба адзначыць, што першапачаткова святарскі цэлібат у
Касцёле быў добраахвотнай справай, але з цягам часу адбывалася яго паступовае замацаванне
ў касцёльным праве. Яно канчаткова наступіла ў XI ст. У нашу эпоху Касцёл працягвае
лічыць святарскі цэлібат вялікім багаццем. Аб яго важнасці казалі бл. Ян Павел ІІ
і Бэнэдыкт XVI. Існаванне святарскага цэлібата сведчыць аб гатоўнасці каталіцкіх святароў,
выконваючы місію Хрыста, наследаваць таксама і стыль жыцця Пана.