2013-05-29 12:40:50

Святы Айцец: трыумфалізм у Касцёле – хрысціянства без крыжа


RealAudioMP3 Трыумфалізм спыняе Касцёл, гэта спакуса хрысціянства без крыжа, адзначыў Святы Айцец, разважаючы над фрагментам Евангелля, дзе Езус, ідучы ў Ерузалем, гаворыць вучням пра сваю муку, смерць і ўваскрасенне. Апосталы думалі аб зусім іншым праекце, звярнуў увагу Святы Айцец, яны планавалі прайсці шлях толькі да паловы, “разважалі паміж сабой, як выправіць Касцёл, як выправіць збаўленне”. Спакуса вучняў, гэта тое ж, чым спакушаў д’ябал Езуса ў пустыні, прапануючы Яму іншы шлях, заўважыў Папа. Гэта тая ж спакуса, якой д’ябал выпрабоўвае хрысціянства, схіляючы яго пазбавіцца крыжа, спыніцца на паўдарогі, дадаў Пантыфік. Калі Касцёл паддаецца гэтай спакусе, трапляе ў трыумфалізм. Многія хочуць трыумфаваць ужо цяпер, не ўзыходзячы на крыж, жыць трыумфам гэтага свету, з жалем заўважыў Францішак.

Падчас ранішняй св. Імшы 29 мая Святы Айцец заўважыў, што трыумфалізм Касцёла часта праяўляецца ў яго знешняй упарадкаванасці, самазадаволенасці, сістэматызаванасці. Такі Касцёл часта забываецца пра сваіх мучанікаў, і пра тое, што менавіта яны патрэбныя для таго, каб не збіцца з дарогі – шляху Крыжа, падкрэсліў Папа і дадаў, што Касцёл, які думае толькі аб перамогах, поспехах, забываецца пра “правіла Езуса” – трыумф праз чалавечыя няўдачы, “няўдачу Крыжа”. “І гэту спакусу мы ўсе маем”, - адзначыў Папа.

Святы Айцец заклікаў прасіць Бога аб ласцы не быць “Касцёлам паловы шляху”, трыумфальным, прагнучым вялікіх поспехаў, але Касцёлам пакорным, адкрытым на Божую волю, які крочыць упэўнена, па прыкладзе Езуса.







All the contents on this site are copyrighted ©.