2013-05-28 13:10:21

Ватыканскі эксперт: прыгажосць вернецца ў мастацтва праз сакральнасць


RealAudioMP3 Прычынай знікнення эстэтычнага вымярэння ў мастацтве з’яўляецца разрыў дзеячаў мастацтва з сакральнасцю, лічыць дырэктар Ватыканскіх музеяў Антоніа Паолуччы. Ён прыняў удзел у сустрэчы “Прыгажосць і сакральнае ў мастацтве”, арганізаванай Папскай радай па культуры ў супрацоўніцтве з Пасольствам Іспаніі пры Святым Пасадзе, у якой удзел маглі прыняць усе жадаючыя, незалежна ад веравызнання і перакананняў.

Ватыканскі эксперт адзначыў, што сучаснае мастацтва нібыта “пасварылася” з прыгажосцю, пачынаючы ад перыяду авангардызму. Здаецца, што “мастацтва больш не жыве прыгажосцю”, - адзначыў Паолуччы. Ён дадаў, што сёння мастацтва стала нечым накшталт трыбуны для “выказвання ідэй”; яно пастаянна прапагандуе дэ-сакралізацыю і адсутнасць эстэтыкі. Дырэктар Ватыканскіх музеяў адзначыў, што не гледзячы на ўсё гэта, нікуды не знікла натуральная патрэба кожнага чалавека ў прыгажосці. Яна абмяжоўваецца сёння бытавым вымярэннем, выяўляючы сабе ў прадметах штодзённага ўжывання: вопратцы, ювелірных вырабах, аўтамабілях.

Удзельнікі сустрэчы падкрэслілі рызыку залежнасці дзеячаў мастацтва ад ўплыву сучаснага мастацкага маркетынгу, ад галерыстаў і крытыкаў, і сцвердзілі, што Касцёл мае культурнае права граць ролю таго, хто наладзіць сувязь паміж мастацтвам і сакральнасцю.

Сустрэчы ў рамках ініцыятывы Папскай рады па культуры і Пасольства Іспаніі пры Святым Пасадзе працягнуцца ўвесь бягучы год.








All the contents on this site are copyrighted ©.