2013-05-27 12:20:16

Папа заклікаў пазбавіцца “культуры багацця”


RealAudioMP3 Каб ісці за Езусам, мы павінны пазбавіць сябе культуры дабрабыту і зачаравання часовасцю, лічыць папа Францішак. Ён перакананы, што сучасны хрысціянін павінен зрабіць рахунак сумлення з багацця, якое перашкаджае яму наблізіцца да Хрыста. У сваёй гаміліі падчас ранішняй св. Імшы 27 мая Пантыфік спаслаўся на фрагмент Евангелля аб запрашэнні Езуса, скіраваным у бок маладога чалавека, аддаць усе свае багацці бедным і ісці за Ім, і адмове юнака зрабіць гэта. Святы Айцец падкрэсліў, што кожны з нас мае “сваё багацце”, не абавязкова матэрыяльнае, якое перашкаджае пайсці за Езусам. Мы павінны зрабіць рахунак сумлення, каб адказаць на пытанне, што з’яўляецца нашым багаццем, лічыць Папа, каб вызначыць, што перашкаджае нам наблізіцца да Езуса. Францішак звярнуў увагу на “культуру дабрабыту”, якая, на яго думку, робіць чалавека гультаяватым і эгаістычным, дзейнічае як анестэзія на патрэбы іншых.

Адным з вынікаў такой “культуры багацця”, як акрэсліў яе Святы Айцец, з’яўляецца дэмаграфічны крызіс. Сучасны чалавек разменьвае пратомства на свой дабрабыт, кар’еру, матэрыяльныя выгоды. Дабрабыт пазбаўляе смеласці і мужнасці наблізіцца да Езуса, падкрэсліў Папа.

Яшчэ адным негатыўным феноменам сучаснасці, які перашкаджае ісці за Хрыстом, з’яўляецца “зачараванне часовым”, звярнуў увагу Пантыфік. Ён нагадаў, што чалавек ніколі не спазнае шчасця вечнаці, калі не сустрэнецца з Езусам. Эфектам такой паставы з’яўляецца нявер’е сучаснага чалавека ў вечныя каштоўнасці, ён глядзіць на рэчаіснасць выключна праз прызму часовасці. Гэта праяўляецца, напрыклад, падчас стварэння сям’і, калі ўжо на самым пачатку закладаецца, што яна можа распасца. “Але, я думаю, што многія мужчыны і жанчыны “пакінулі свой дом, каб заключыць сужэнства на ўсё жыццё”, гэта значыць, “пайсці разам за Езусам! Пэўна!”, - адзначыў Пантыфік.

Францішак заклікаў прасіць Бога, каб даў кожнаму хрысціяніну мужнасць ісці наперад, пазбавіўшыся ад гэтай “культуры багацця”.







All the contents on this site are copyrighted ©.