2013-05-27 12:50:46

Не выключана, што Папа правядзе сеанс сувязі з касманаўтамі


RealAudioMP3 Папа Францішак у канцы чэрвеня, магчыма, правядзе размову з касманаўтамі Міжнароднай касмічнай станцыі, якія адправяцца на арбіту 29 мая ў 00:32 па маскоўскім часе на караблі “Саюз” з касмадрома “Байканур”. Аб гэтым паінфармаваў старшыня Італьянскага касмічнага агенцтва Энрыка Саджэзэ, адзначыўшы, што ў склад экіпажу ўваходзіць італьянскі астранаўт Лука Пармітана, які будзе знаходзіцца на арбіце разам з расіянінам Фёдарам Юрчыхіным і амерыканкай Карэн Найберг. Арбітальная камандзіроўка экіпажа “МКС-36/37” будзе доўжыцца больш за чатыры месяцы.

Калі сеанс сувязі Пантыфіка з касманаўтамі сапраўды адбудзецца, ён стане другім у гісторыі. 21 мая 2011 г. Бэнэдыкт XVI з залы Факоні Апостальскага палаца ў Ватыкане ўжо размаўляў з экіпажам Міжнароднай касмічнай станцыі. Тады ў яго склад уваходзілі два італьянцы Паола Нэспалі і Раберта Віторыа. Святы Айцец сачыў за відэамалюнкам на вялікім тэлеэкране, а на борт касмічнай станцыі трансляваўся толькі гук. Сеанс сувязі працягваўся 20 хвілін. Папа, пасля кароткага ўступлення на англійскай мове, задаў пяць пытанняў касманаўтам, на якія адказалі амерыканцы Марк Кэлі, Рон Гаран і Майкл Фінке, а таксама два італьянцы. Святы Айцец падчас той размовы падзякаваў касманаўтам за магчымасць разам паразважаць над пытаннямі, якія закранаюць будучыню чалавецтва.








All the contents on this site are copyrighted ©.