2013-05-27 10:08:57

Кардынал Сандры заклікаў да вызвалення сірыйскіх праваслаўных іерархаў


RealAudioMP3 Ліванская моладзь сапутнічала папе Францішку на працягу першых гадзін яго пантыфікату; яна падрыхтавала разважанні да сёлетняга Крыжовага Шляху ў Калізеі, які стаў адным з першых набажэнстваў, што узначаліў Пантыфік. Аб гэтым нагадаў кардынал Леанарда Сандры 26 мая, у трэці дзень свайго візіту ў Ліван, падчас сустрэчы з маладымі валанцёрамі мясцовай “Caritas”. Вашай працай вы “дакранаецеся да Хрыстовага Цела”, сказаў прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, цытуючы вядомае выказванне папы Францішка. Ватыканскі іерарх узгадаў мінулагодні візіт Бэнэдыкта XVI у Ліван і назваў яго “промнем святла”, які адлюстраваўся на небе Блізкага Усходу, пазначанага “чорнымі аблокамі вайны і насілля”. Паводле кардынала, у Лівана ёсць надзея, бо менавіта мясцовыя маладыя людзі з’яўляюцца носьбітамі гэтага святла і жадаюць праз веру і радасць будаваць “будучыню міра і паяднання”.

Падчас Эўхарыстыі ў санктуарыі Маці Божай Спакою ў горадзе Захле, прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў заўважыў, што ў гэтым месцы адбываецца “перапляценне абрадаў – мелькіцкага і мараніцкага – і адчуваецца сувязь з грэчаскім праваслаўем, што з’яўляецца “стымулам для адзінства хрысціян, але і для ўсіх ліванцаў, таму што свабода і павага павінны гарантавацца ўсім, а разнастайнасць з’яўляецца знакам багацця супольнасці”. Кардынал Сандры скіраваў спецыяльную малітву да Найсвяцейшай Панны Марыі за двух праваслаўных Патрыярхаў, выкрадзеных некалькі тыдняў таму ў Сірыі. “Няхай Марыя суцешыць іх і зробіць іх моцнымі ў абліччы выпрабавання, у той час як мы кіруем моцны заклік аб іх вызваленні і вяртанні ў іх сем’і і царкоўныя супольнасці”.







All the contents on this site are copyrighted ©.