2013-05-26 14:01:19

Папа Францішак: за эксплуатацыяй і сучасным рабствам стаіць мафія


RealAudioMP3 26 мая пасля малітвы “Анёл Панскі” папа Францішак нагадаў аб постаці кс. Джузэпэ Пулізі, забітага ў 1993 г. мафіяй, які ўчора ў Палерма быў абвешчаны благаслаўлёным. “Кс. Пулізі быў узорным святаром, які прысвяціў сябе асаблівым чынам душпастырству моладзі”. - сказаў Папа. Ён адзначыў, што менавіта навучанне дзяцей паводле Евангелля і імкненне выцягнуць іх з апраметнай, стала матывам забіцця святара мафіяй. “На самой жа справе ён выйграў разам з уваскрослым Хрыстом”, - падкрэсліў Пантыфік. Святы Айцец прызнаўся, што яго непакоіць лёс многіх людзей, і перш за ўсё дзяцей, якія эксплуатуюцца мафіяй, і вымушаны рабіць тое, што чыніць іх рабамі, на чале з прастытуцыяй і сацыяльным уціскам. “За гэтай эксплуатацыяй, рабствам, стаіць мафія”, - падкрэсліў Папа. Ён заклікаў сабраных на плошчы св. Пятра прасіць Бога перамяніць сэрцы гэтых людзей. “Яны не павінны рабіць гэтага! Яны не могуць рабіць нас, братоў, рабамі!”, - сказаў Пантыфік. Мы молімся, каб гэтыя мафіозі навярнуліся да Бога і славім Бога за светлае сведчанне кс. Джузэпэ Пулізі”, - дадаў ён.

Звыш 80 тыс. чалавек 25 мая ўзялі ўдзел у Палерма на Сіцыліі ва ўрачыстай цырымоніі беатыфікацыі кс. Пулізі. “Яго гібель уяўляе сабой найважнейшая сведчанне хрысціянскай веры, духоўнай шчодрасці і высокай грамадзянскай мужнасці”, - гаворыцца ў пасланні, з якім да жыхароў Сіцыліі звярнуўся Прэзідэнт Італіі Джорджа Напалітана. Тэлеграма кіраўніка дзяржавы была накіравана на імя арцыбіскупа Палерма кардынала Паола Рамэа. “Варварскае забойства кс. Пулізі і яго сумленнае пастырскае служэнне ў нялёгкіх умовах сацыяльнай рэальнасці Сіцыліі застануцца прыкладам для ўсіх тых, хто не мае намеру падпарадкоўвацца дыктату арганізаванай злачыннасці”, - напісаў Напалітана.







All the contents on this site are copyrighted ©.