2013-05-26 13:33:04

Пантыфік падчас візіту ў парафію: Маці Божая дапамагае нам зразумець Бога


RealAudioMP3 Святы Айцец наведаў 26 мая раніцай парафію святых Альжбеты і Захарыі. Для Францішка гэта першы пастырскі візіт у рымскай парафіі, ён працягнуў традыцыю сваіх папярэднікаў, якія, як Біскупы Рыма, здзяйснялі рэгулярныя наведзіны супольнасцяў сваёй дыяцэзіі. Святы Айцец звярнуў увагу вернікаў на імкненне Марыі заўсёды дапамагчы нам, і зрабіць гэта настолькі хутка, наколькі магчыма, што Маці Божая прадэмантравала, калі накіравалася на дапамогу Альжбеце, як толькі пачула, што тая цяжарная. “Маці Божая заўсёды такая. Яна наша Маці, якая заўсёды спяшаецца, калі мы маем патрэбу”, - адзначыў Папа і дадаў, што было б добра дадаць да марыйнай літаніі заклік: “Панна, што спяшаешся, маліся за нас!”, паколькі яна заўсёды спяшаецца на дапамогу сваім дзецям, калі яны трапілі ў бяду. Менавіта гэта, на думку Святога Айца, дае вернікам пачуццё бяспекі, “лепш ісці па жыцці, калі побач з намі Мама”, - заўважыў ён.

Францішак падкрэсліў, што “Маці Божая дапамагае нам зразумець Бога”, зразумець жыццё Езуса, зразумець – кім ёсць Бог. І гэта сама важнае, на думку Папы, спасцігаць таямніцу Найсвяцейшай Тройцы. “Айцец даў нам жыццё, Езус даў нам збаўленне, суправаджае нас, вядзе нас, падтрымлівае нас, вучыць нас”, - нагадаў Пантыфік, “а Святы Дух? Што дае нам Святы Дух?”, - запытаў Францішак, “Ён любіць нас! Дае нам любоў”, - адказаў сам Папа.

На працягу дваццаці гадоў вернікі парафіі святых Альжбеты і Захарыі, падчас будаўніцтва касцёла, маліліся ў гаражы, пераробленым пад капліцу. Святы Айцец прызнаўся, што невыпадкова абраў для свайго першага “афіцыйнага” пастырскага візіту прыгарадную парафію на поўначы Рыма. Ён лічыць, што тут, на перыферыях, можна “лепш убачыць рэальнасць”. Падчас свайго візіту Папа асаблівым чынам прывітаў сем’і, хворых, парафіяльных супрацоўнікаў, а падчас гаміліі вёў дыялог з дзецьмі. 16-ці з іх Францішак асабіста ўдзяліў Першую св. Камунію.







All the contents on this site are copyrighted ©.