2013-05-25 11:21:48

Святы Айцец абмеркаваў падрыхтоўку да Сусветных дзён моладзі


RealAudioMP3 Святы Айцец абмеркаваў падрабязнасці свайго прабывання ў Рыа-дэ-Жанейра ў ліпені 2013 г. на Сусветных днях моладзі. 24 мая, прымаючы мясцовага арцыбіскупа Арані Тэмпесту, які адначасова з’яўляецца старшынёй аргкамітэта сусветнага форуму, папа Францішак размаўляў з ім пра праграму свайго знаходжання ў Бразіліі. “Падчас аўдыенцыі я паінфармаваў Святога Айца аб ходзе падрыхтоўчых прац да форума, а таксама нагадаў, што моладзь з усяго свету чакае сустрэчы з ім, а разам з Папам, і сустрэчы з Езусам Хрыстом”, - сказаў іерарх у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. Ён уручыў Пантыфіку фігуру Хрыста Збаўцы, копію статуі, якая ўзвышаецца над горадам-гаспадаром сусветнага моладзевага форуму, а таксама “набор пілігрыма”, які атрымае кожны удзельнік Дзён моладзі.

Арцыбіскуп Тэмпеста заявіў, што Рыа прыме маладых людзей з усяго свету як братоў, па-сямейнаму, з адкрытым сэрцам.

Іерарх прызнаўся, што ў месцах галоўных мерапрыемстваў форуму яшчэ вядуцца падрыхтоўчыя працы. Ён упэўнены, што Святы Айцец падчас свайго прабывання ў Рыа будзе звяртацца не толькі да моладзі, але праз моладзь да ўсяго свету, каб яго будучыня была мірнай, братэрскай і больш жывой на духоўным і грамадскім узроўнях.








All the contents on this site are copyrighted ©.