2013-05-25 12:29:15

Пантыфік: адчыненыя дзверы Касцёла, а не кантралёры на яго прыступках


RealAudioMP3 Тыя, хто набліжаецца да Касцёла, павінны знайсці адчыненымі дзверы, а не кантралёраў веры на яго прыступках, нагадаў Святы Айцец 25 мая разважаючы над урыўкам з Евангелля пра апосталаў, якія не дазвалялі дзецям наблізіцца да Хрыста. Касцёл не павінен саромецца веры простага народа, “гэта простая вера, вера без вялікай тэалогіі, але з тэалогіяй унутранай, якая не памыляецца, паколькі за ёй стаіць Святы Дух”, - адзначыў Папа.

Святы Айцец прывёў прыклад маці-адзіночак, якія прыходзяць у касцёл, просячы пахрысціць іх дзіцяці, і чуюць у адказ: “Не, вы не можаце, таму што вы не бралі шлюб!”. Папа заклікаў паглядзець глыбей на гэту праблему, на такіх дзяўчын, якія маюць мужнасць перажыць час цяжарнасць і не аддаць сваё дзіця нікому. Паводле яго, гэта не справядліва, што такая асоба сустрэнецца з зачыненымі дзвярыма Касцёла і ў выніку адыдзе ад Бога. Калі мы так робім – не сведчым дабро людзям, звярнуў увагу сабраных на Эўхарыстыі ў Доме св. Марты вернікаў Папа. “Езус устанавіў сем сакрамэнтаў, а мы такім стаўленнем ствараем восьмы: сакрамэнт душпастырскай мытні!”, - сказаў з іроніяй Францішак.”Езус абураецца, калі бачыць такія рэчы”, - дадаў ён, - бо з-за гэтага церпяць яго вернікі, “людзі, якіх ён так любіць”.

Папа запрасіў не забывацца пра народ Божы, простых людзей, якія хочуць быць бліжэй да Езуса, якія памыляюцца, але жадаюць уваходзіць у адчыненыя дзверы Касцёла. Святы Айцец заклікаў прасіць Пана, каб усе тыя, хто прыходзіць у Касцёл, знайшлі адчыненымі дзверы “для сустрэчы з любоўю Езуса”.







All the contents on this site are copyrighted ©.