2013-05-25 10:22:43

Канстантынопальскі Патрыярх удзельнічаў у “Доўгай ночы касцёлаў”


RealAudioMP3 Патрыярх Барталамей I, знаходзячыся з візітам у Брно, 24 мая прыняў удзел у ініцыятыве “Доўгая ноч касцёлаў”. Прадстаяцель прыбыў у сераду з чатырохдзённым візітам у Чэшскую Рэспубліку. У чацвер ён сустрэўся са старшынёй мясцовага каталіцкага епіскапату кардыналам Дамінікам Дукай. Гэта “вельмі важная падзея”, што Канстантынопальскі Патрыярх прыехаў у Чэхію падчас святкавання 1150-гадовага юбілею прыбыцця святых Кірыла і Мятода ў Вялікую Маравію, адзначыў каталіцкі іерарх у сваёй прывітальнай прамове. Асабліва сімвалічным для яго стаў факт, што Патрыярх прыбыў з гораду паходжання святых асветнікаў. Арцыбіскуп Пражскі нагадаў, што Кірыл і Мятод прынеслі на тэрыторыю сучаснай Чэхіі грэчаскую культуру, якая прычынілася да развіцця рэлігійнага жыцця і замацавання веры.

Патрыярх Барталамей І заявіў, што імкнецца “развіваць брацкія адносіны з Рымска-каталіцкім Касцёлам” і прадэманстраваць сваёй дзейнасцю і паставай, што Канстантынопаль ніколі не захоўваў свае духоўныя багацці толькі для сябе, але стараўся дзяліцца імі з іншымі канфесіямі і культурамі.

У святкаваннях юбілейнага году Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква ўдзельнічаюць разам пад адным дэвізам “Адзінства ў разнастайнасці”. Асноўнымі мерапрыемствамі ў яго рамках з’яўляюцца: праваслаўныя ўрачыстасці ў гэтыя выхадныя ў Мікульчыцах і каталіцкі “Дзень людзей добрай волі” 5 ліпеня ў Велеградзе.







All the contents on this site are copyrighted ©.