2013-05-24 13:23:37

Старшыня Папскай рады “Iustitia et Pax” пра Касцёл і глабалізацыю


RealAudioMP3 Глабалізацыя як такая не з’яўляецца новай тэмай для чалавечай гісторыі, лічыць кардынал Пітэр Тарксан. Ён выступіў на 5-й Канферэнцыі па эканоміцы і каталіцкім сацыяльным навучанні, акая прайшла ў Чыкагскім універсітэце. Старшыня Папскай рады “Iustitia et Pax” (Справядлівасць і мір) прысвяціў сваё разважанне маралі ў эканоміцы. Іерарх нагадаў, што ў старажытнай гісторыі глабалізацыю вызначала жаданне выйсці на сусветны ўзровень з камерцыйнымі і палітычнымі інтарэсамі, што часта спалучалася з культурным і рэлігійным фактарамі. На яго думку, “матывацыя” сучаснай глабалізацыі падобная: гэта пашырэнне інтарэсаў і пераследаванне сваіх мэтаў паўсюдна. Гэта адбываецца, аднак, з нашмат большай хуткасцю, чым у старажытнасці.

Кардынал назваў сферы, дзе найбольш праяўляюцца глабалізацыйныя тэндэнцыі. На першае месца ён паставіў экалогію, ад умоў надвор’я да забруджвання. Затым, паводле іерарха, ідзе сацыяльна-палітычная сфера, ад масавага перамяшчэння людзей у пошуках працы да дыстанцыйнага кіравання войнамі. На ўзроўні культуры глабалізацыя праяўляецца ў імгненным абмене інфармацыяй, распаўсюджванні ведаў, моды і ідэалогій. Эканоміка, у сваю чаргу, адзначаецца сёння павышанай мабільнасцю капіталаў, інфармацыі, рабочай сілы, сыравіны і прамысловых тавараў, нагадаў кардынал.

Старшыня Папскай рады адзначыў, што глабалізацыя не павінная ставіць чалавека перад дылемай: або эканамічны росквіт, або агульнае дабро. Наадварот, эканоміка будзе мець развіццё і нават росквіт у імя агульнага дабра, з асаблівай адказнасцю за бедных і найбольш уразлівыя слаі насельніцтва.

Кардынал Тарксан назваў некалькі, на яго думку неабходных працэсам глабалізацыі, рысаў. Гаворка ідзе пра справядлівасць, якая звязана з адказнасцю. Іерарх заклікаў пераглядзець сучаснае разуменне ўласнасці і не забывацца пра салідарнасць, якая сцісла звязана з братэрствам. На яго думку, патрэбна таксама прымірэнне, асабліва што тычыцца страшных момантаў у адносінах паміж некаторымі народамі. Працэсы глабалізацыі патрабуюць кіравання, але з другога боку, і субсідыярнасці, якая выключае патэрналізм і непавагу.

Кардынал адзначыў, што Касцёл “існуе ў свеце і для свету”, ён “навучае і вучыцца”, і таму менавіта яго цікавяць сучасныя працэсы, у першую чаргу – глабалізацыйныя.







All the contents on this site are copyrighted ©.