2013-05-24 11:19:01

Папа да італьянскіх біскупаў: недахоп чування робіць пастыра лянівым


RealAudioMP3 Быць сапраўднымі пастырамі, якія ідуць побач са сваім статкам, заклікаў папа Францішак італьянскіх біскупаў. 23 мая вечарам епіскапат краіны прыняў удзел у малітоўнай сустрэчы са Святым Айцом у базыліцы св. Пятра. Пантыфік звярнуў увагу іерархаў на іх ідэнтычнасць як пастыраў і на небяспекі, з якімі звязана іх служэнне. Ён падкрэсліў, што свабода часта абумоўлена “тысячамі знешніх і ўнутраных умоў”, якія часам выклікаюць “пачуццё пакінутасці, фрустрацыі і нявер’я”. Але трэба быць уважлівымі, бо гэта “не Пан хоча, каб яны ў нас узнікалі” – яны патрэбныя Сатане, каб ізаляваць нас у горычы, нараканнях і адчаі, звярнуў увагу Святы Айцец.У сувязі з гэтым Пантыфік заклікаў біскупаў да чування, таму што яго недахоп “робіць пастыра цёплым”. “Робіць яго разгубленым, забыўчывым і, нарэшце, неспачувальным, абмяжоўвае яго перспектывай кар’еры, спакушае грашыма і кампрамісам з гэтым светам, робіць лянівым, перамяняючы ў функцыянера, дзяржаўнага клерка, больш заклапочанага сабой, арганізацыяй і структурай, чым сапраўдным дабром Народа Божага”, - сказаў Папа.

Францішак дадаў, што для пастрыра важна да канца прыняць на сябе адказнасць за статак, быць здольнымі чуць “маўклівае апавяданне тых, хто пакутуе і падтрымліваць на шляху тых, хто баіцца па ім ісці”. “Адкінем любыя формы пыхі, каб пахіліцца над тымі, каго Пан даверыў нашаму клопату”, - заклікаў Папа і дадаў, што касцёльнае служэнне павінна вымярацца выключна “гатоўнасцю да паслухмянасці, прыніжэння і поўнага дару з сябе”.








All the contents on this site are copyrighted ©.