2013-05-24 16:19:43

Беларускія пілігрымы на ўрачыстасцях у Рыме


RealAudioMP3 У мерапрыемствах, якія праходзілі ў апошнія дні ў Рыме прыняла ўдзел група пілігрымаў з Беларусі. 14-21 мая прадстаўнікі Міжнароднай дыяконіі евангелізацыі Руху “Святло-жыццё” з Мінска наведалі рымскія базылікі, ватыканскія дыкастэрыі і паўдзельнічалі ў набажэнствах з удзелам Святога Айца: агульнай аўдыенцыі, сустрэчы з членамі рухаў і супольнасцяў, а таксама Эўхарыстыі ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога. У склад групы уваходзіла восем вернікаў з мінскай парафіі св. Сымона і св. Алены, на чале з іх духоўным кіраўніком кс. Ірынеўшам Копачам. Паводле пілігрымаў, святкаванне ўрачыстасці Спаслання Святога Духа разам з Папам дало магчымасць убачыць багацце і разнастайнасць Каталіцкага Касцёла. Аб гэтым расказала Ватыканскаму радыё аніматар супольнасці Эмілія Сакаўчук.

“Мы мэтанакіравана ехалі ў Рым на сустрэчу з Папам і заадно, каб перажываць тут “Аазіс новага жыцця”. Мяне вельмі ўразіла, што, сапраўды, наш Касцёл вельмі багаты верай, жывы. Мы сустрэлі шмат людзей, якія радаваліся ў Святым Духу, ад таго, што мы разам вітаем нашага Папу”, - сказала яна.

Канешне, удзельнікаў пілігрымкі глыбока кранулі словы Пантыфіка, які чарговы раз заклікаў не баяцца евангелізаваць і сведчыць пра любоў Бога праз клопат пра самых бедных і безабаронных. Сваімі ўражаннямі падзялілася Валянціна Палілейка: “Мяне найбольш уразілі словы Папы, які сказаў: не бойцеся, бярыце Езуса за руку і ідзіце, прапаведуйце Хрыста, жывога, Хрыста, які любіць кожнага чалавека, асабліва тых, хто ў бядзе. Не забывайцеся, што не павінна быць пакінутых і бедных, што наш Касцёл – для бедных. Глядзіце ў вочы таму, хто просіць вас аб дапамозе”.

Для Ганны Кавалеўскай магчымасць быць побач з магілай св. Пятра стала асабліва важнай, каб адсюль малітоўна падтрымаць у цяжкасцях сваіх бліжніх.
“Я ніколі не думала, што ў маім жыцці такое можа быць. Маю цяжкасці дома, але Богу было патрэбна, каб я была тут і малілася з адкрытым сэрцам за сваю сям’ю, за ўсіх беларусаў, каб Бог быў у сэрцы кожнага чалавека”, - сказала яна.

Пілігрымка ў Рым, стала для мінскай супольнасці “Каштоўная пярліна” першай і таму асабліва памятнай. Яе ўдзельнікі атрымалі вялікую духоўную падтрымку для справы евангелізацыі ў Беларусі.








All the contents on this site are copyrighted ©.