2013-05-23 16:14:54

Арцыбіскуп Кандрусевіч: візіт кардынала Тарана вельмі важны для Беларусі на дадзеным этапе


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Кандрусевіч лічыць, што візіт кардынала Жана-Луі Тарана вельмі важны для Беларусі, на дадзеным этапе яе развіцця. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі сустрэўся 23 мая з папскім пасланнікам на 400-годдзе прыбыцця іконы Маці Божай у Будслаў і паінфармаваў яго аб ходзе падрыхтоўкі да ўрачыстасцяў. Размова ішла таксама аб праграме прабывання ватыканскага іерарха ў Беларусі. Некаторыя яе пункты ўжо вызначаны дакладна, па іншых у дадзены момант ідуць кансультацыі. Кардынал, як старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, з асаблівай радасцю прыняў факт, што на Будслаўскія ўрачыстасці запрошаны прадстаўнікі іншых канфесій і рэлігій, з якімі ў яго будзе магчымасць сустрэцца. “Не можна выключаць таго, што адбудуцца спатканні кардынала з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады”, - падзяліўся з Ватыканскім радыё арцыбіскуп Кандрусевіч.

“Тое, што ў Беларусь прыяжджае чалавек, які на працягу 13 гадоў быў сакратаром па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, дыпламат вельмі вядомы, і не толькі ў Касцёле, але і ў свеце, гэта вельмі важна для Беларусі на сучасным этапе яе развіцця. Таму візіт іерарха, які да таго ж з’яўляецца кіраўніком адной з ватыканскіх дыкастэрый, гэта знак пашаны не толькі для Касцёла і ацэнка яго дзейнасці, але і сведчанне павагі для нашай краіны, для нашага народа”, - адзначыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі і дадаў, што трэба дзякаваць папе Францішку за такога легата.







All the contents on this site are copyrighted ©.