2013-05-22 13:34:26

Святы Пасад апублікаваў статыстыку паведамленняў аб падазронай фінансавай дзейнасці


RealAudioMP3 22 мая ў Ватыкане была апублікавана штогадовая справаздача Бюро фінансавай інфармацыі Святога Пасаду аб мерах па прафілактыцы і процідзеянню адмыванню грошай і фінансаванню тэрарызму. Ва ўступе да яе, кіраўнік гэтай структуры Рэнэ Брульхарт адзначыў, што глабальны фінансава-эканамічны крызіс паказаў уразлівасць эканамічна-фінансавай сістэмы і даў падставы да злоўжыванняў і злачыннай дзейнасці асоб або арганізацый, здольных пранікаць у дынаміку сусветнай эканомікі. Менавіта па гэтай прычыне, нагадаў фінансіст, Апостальская Сталіца і Ватыкан узмоцнілі намаганні па прадухіленні і супрацьдзеянні легалізацыі злачынных даходаў і фінансаванню тэрарызму. Ён адзначыў, што з 2010 па 2012 гады, у даволі кароткі перыяд часу, Святы Пасад і Ватыкан прывялі сваё заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі па гэтай праблематыцы.

У рапарце пералічваюцца заканадаўчыя акты, якія былі прыняты за апошнія гады для ўпарадкавання ватыканскай фінансавай сістэмы і нагадваецца аб станоўчай ацэнцы гэтых ініцыятыў з боку міжнародных органаў, перш за ўсё, “MONEYVAL”. Падкрэсліваецца таксама пазітыўны вынік стварэння Бюро фінансавай інфармацыі, якое ўзяло на сябе функцыі прадухілення фінансавых злоўжыванняў. У справаздачы шмат увагі прысвячаецца на апісанне арганізацыі працы, функцый, унутранай структуры Бюро і тлумачэнне ролі фінансавай выведкі.

У рапарце змяшчаецца статыстыка паведамленняў аб падазронай фінансавай дзейнасці. Дадзеныя паказваюць на тэндэнцыю да павелічэння дэкларацый аб такога тыпу фактах у чацвёртым квартале 2012 г. Улічваючы характар ​​і невялікі памер эканамічнай і фінансавай сістэмы Дзяржавы Ватыкан, а таксама наяўнасць публічнага рэжыму, які не дазваляе прысутнасці прыватных аператараў, дадзеныя паказваюць на эфектыўную сістэму абвяшчэння аб падазроных дзеяннях суб’ектаў забавязаных да гэтага. Так, у 2011 г. было адно такое паведамленне, а ў 2012 г. – ужо 6. Адзначаецца таксама паступовая “стандартызацыя” трансгранічнай перавозкі наяўных грашовых сродкаў памерам больш за 10 тыс. еўра і каштоўных папер. Такім улікам займаецца Ватыканская жандармерыя, якая перадае затым усе дадзеныя ў Бюро фінансавай інфармацыі. У 2012 г. было складзена 598 такога тыпу дэкларацый на ўвоз і 1782 на вываз.

У рапарце адзначаецца, што Бюро фінансавай інфармацыі цвёрда стаіць на прынцыпах празрыстасці фінансавай сістэмы, аператыўна рэагуе на выклікі, якія стаяць перад ім, і ясна бачыць той шлях, які трэба будзе прайсці ў будучыні.







All the contents on this site are copyrighted ©.