2013-05-22 15:06:07

Арцыбіскуп Кандрусевіч меў кароткую размову з Папам


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч меў 22 мая кароткую размову з Папам Францішкам. Як распавёў Ватыканскаму радыё сам Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, пасля агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ён коратка прадставіўся Пантыфіку, але той адказаў “Але ж мы знаёмыя з табой!”. Сапраўды, іерархі сустракаліся неаднойчы на рознага тыпу мерапрыемствах, арганізаваных на ўзроўні Святога Пасаду. Арцыбіскуп прызнаўся, што, не гледзячы на гэта, яго ўразіла памяць Пантыфіка, які змог пазнаць і вылучыць яго з вялікага шэрагу іерархаў, якіх толькі на аўдыенцыі было некалькі дзесяткаў.

Мітрапаліт падзякаваў Папе за прызначэнне свайго спецыяльнага пасланніка ў асобе кардынала Жана Луі Тарана на ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай, на што Святы Айцец адказаў: “Так, ведаю!”. Арцыбіскуп перадаў Францішку сардэчныя прывітанні ад “беларускага Касцёла і беларускага народа” і сказаў, што вернікі ў Беларусі чакаюць, “каб нага Пантыфіка ступіла на Беларускую зямлю, якая заслугоўвае гэтага”. “Ён так паглядзеў на мяне, і кажа: “Маліся за мяне!”, - падзяліўся іерарх. Мітрапаліт лічыць, што такі адказ можа азначаць жаданне Святога Айца, каб вернікі маліліся аб яго візіце ў Беларусь.

Трэба адзначыць, што размова арцыбіскупа Кандрусевіча з Папам трывала значна даўжэй за размовы Пантыфіка з іншымі іерархамі.







All the contents on this site are copyrighted ©.