2013-05-18 12:44:52

Папа: не быць хрысціянамі з добрымі манерамі і дрэннымі звычкамі


RealAudioMP3 Не быць хрысціянамі з добрымі манерамі і дрэннымі звычкамі, заклікаў папа Францішак падчас Эўхарыстыі ў Доме св. Марты, якую цэлебраваў раніцай 18 мая. Сваю гамілію Пантыфік прысвяціў распаўсюджанай, нават сярод вернікаў, спакусе пляткарыць, “улазіць у жыццё іншых”. Паводле Францішка, плёткі з’яўляюцца разбуральнымі для хрысціянскай супольнасці і ўтрымліваюць у сябе “дух Каіна” – жаданне “забіць брата мовай”. Святы Айцец адзначыў, што плёткамі людзі прыніжаюць сваіх бліжніх, замест таго, каб дапамагаць ім расці. “Раблю, каб іншы стаў ніжэй і адчуваю сябе вялікім”, - сказаў Папа. Ён параўнаў звычку распаўсюджвання плётак са спажываннем цукерак: “бярэш адну, затым іншую, і яшчэ, і яшчэ, а потым пачынае балець жывот”. Таксама і плёткі, “яны салодкія напачатку, а потым знішчаюць, знішчаюць душу”. “Плёткі – дэструктыўныя для Касцёла”, - падкрэсліў Францішак.

Папа таксама расказаў, што існуе тры спосабы распаўсюджвання плётак: “Мы робім дызынфармацыю: кажам толькі пра палову, якая нам выгодная, а не пра іншую; пра іншую не кажам, бо яна не зручная для нас. (...) Другое, гэта ачарненне: калі чалавек па-сапраўднаму мае дэфект, мы яго раздуваем, апавядаем аб ім, працуем “як журналісты”. Так гонар гэтага чалавека знішчаецца. І трэццяе, гэта паклёп: значыць, казаць рэчы, якія не з’яўляюцца праўдай. Гэта менавіта азначае забіць брата! Усе тры: дызынфармацыя, ачарненне і паклёп – гэта грахі. Яны азначаюць, даваць аплявуху Езусу ў абліччы Яго сыноў, Яго братоў”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак нагадаў словы Езуса: “Што табе да гэтага? Ты ідзі за Мною”, якія Збаўца скіраваў да св. Пятра, калі той цікавіўся асобай здрадніка і пытаўся, у сувязі з гэтым пра апостала Яна. “Не займайцеся фантазіямі, думаючы, што збаўленне заключаецца ў параўнанні з іншымі ці пляткаванні”, - сказаў Пантыфік і дадаў, што збаўленне ў тым, каб ісці за Хрыстом. “Папросім сёння Пана Езуса, каб даў нам ласку не ўлазіць у жыццё іншых, не станавіцца хрысціянамі з добрымі манерамі і дрэннымі звычкамі, а наследаваць Езуса, ісці за Ім па Яго шляху. І гэтага дастаткова!”, - сказаў Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.