2013-05-18 13:23:23

Ватыканскі іерарх: патрэба ў натуральнай сям’і запісана ў сэрцы чалавека


RealAudioMP3 Натуральная сям’я, гэта не вынік рэлігійных вераванняў, не хрысціянскі ці ўстаноўлены Касцёлам інстытут, але “жыццёвая рэчаіснасць, якая не можа быць выкінута з сэрца і душы кожнай чалавечай асобы”. Такога меркавання прытрымліваецца арцыбіскуп Вінчэнца Палія, старшыня Папскай рады па справах сям’і. Іерарх прымае ўдзел у Сусветным кангрэсе сем’яў, які праходзіць у аўстралійскім Сіднэі 15-18 мая. Выступаючы перад удзельнікамі форума, арцыбіскуп Палія нагадаў, што навуковыя даследванні пацвярджаюць каштоўнасць сям’і і сужэнства: гэтыя інстытуты маюць пазітыўныя біялагічныя, псіхалагічныя, эканамічныя і сацыяльныя наступствы для дзяцей і дарослых, а таксама “формаў сумеснага жыцця”.
Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы таксама звярнуў увагу на важнасць інстытута сям’і для сучасных дэмакратый. Аб гэтым, паводле яго, казаў яшчэ “айцец дэмакратыі” Алексіс дэ Таквіль. “Сучасная дэмакратыя мае патрэбу у моцнай і стабільнай сям’і”, - нагадаў словы філосафа арцыбіскуп Палія. Паводле яго, без сям’і, якая з’яўляецца “першай прыладай ў гуманізацыі асобы і сацыяльнага жыцця, само існаванне грамадства знаходзіцца ў сур’ёзнай небяспецы”. Ён заклікаў супрацьстаяць тэндэнцыям па знішчэнні інстытута сям’і, “які запісаны ў сэрцы чалавека”.








All the contents on this site are copyrighted ©.