2013-05-16 12:23:09

Святы Айцец: Касцёл мае патрэбу ў апостальскім запале


RealAudioMP3 Касцёл мае патрэбу у апостальскім запале, які падштурхне нас ісці наперад у абвяшчэнні Езуса, лічыць папа Францішак. Ён узначаліў Эўхарыстыю ў Доме св. Марты раніцай 16 мая, у якой прынялі ўдзел супрацоўнікі Ватыканскага радыё. У гаміліі Пантыфік звярнуў увагу на асобу апостала Паўла, жыццё якога было напоўнена барацьбой і шматлікімі выпрабаваннямі. “Яго лёс, гэта лёс шматлікіх крыжоў, але ён ішоў наперад, глядзеў на Пана і ішоў наперад”, - падкрэсліў Святы Айцец. “Пан заўсёды хоча каб мы ішлі наперад, каб не ўцякалі ў спакойнае жыццё”, - сказаў Папа і дадаў, што св. Павел меў апостальскі запал і не быў “чалавекам кампрамісаў”. Аднак, гэта, паводле Святога Айца, не тлумачыцца толькі яго тэмпераментам. Менавіта Пан падштурхнуў яго “ісці наперад” і даваць сведчанне. Францішак адзначыў, што св. Павел не шукаў камфортнага жыцця і таму сваім прапаведваннем, працай і паводзінамі ствараў часта нязручнасці для многіх, мабілізуючы іх таксама не шукаць камфорту.

“Апостальскі запал – гэта не энтузіязм дзеля дасягнення ўлады, дзеля набыцця чагосьці. Гэта нешта, што паходзіць знутры, тое, чаго Пан хоча ад нас: быць хрысціянамі з апостальскім запалам. Адкуль паходзіць гэты апостальскі запал? Ад ведання Езуса Хрыста. Павел знайшоў Езуса Хрыста, сустрэў Яго. Пазнаў Яго не дзякуючы інтэлектуальнаму, навуковаму пошуку, хоць і гэта важна, бо дапамагае нам – але дзякуючы пазнанню сэрцам, асабістай сустрэчы”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў удзельнікаў св. Імшы прасіць аб апостальскім запале і не быць “хрысціянамі цёплымі”, якія “не хочуць ісці наперад”, не быць “хатнімі хрысціянамі”, “добра выхаванымі”, але не ўмеючымі быць сынамі Касцёла, маючымі апостальскі запал.








All the contents on this site are copyrighted ©.