2013-05-15 11:55:51

Святы Айцец: маліцеся за біскупаў і святароў


RealAudioMP3 Маліцца за святароў і біскупаў, каб яны не паддаваліся спакусе грошай і ганарыстасці, але служылі Божаму люду, заклікаў папы Францішак. Сваю гамілію падчас ранішняй св. Імшы 15 мая Святы Айцец засяродзіў на ўрыўку з Дзеяў Апосталаў, дзе св. Павел заклікае старэйшых Касцёла ў Эфесе пільнаваць сябе і ўвесь статак. Гэта, паводле Пантыфіка, адна з самых прыгожых старонак Новага Запавету, дзе паказваюцца цудоўныя адносіны біскупа са сваім народам. Папа нагадаў, што біскупы і святары пакліканы захоўваць, будаваць і абараняць давераных ім вернікаў.”У канцы канцоў біскуп не ёсць біскупам для самога сябе; ён для людзей, і святар не з’яўляецца святаром для сябе”, - адзначыў ён.

Адносіны біскупа і святара з народам Святы Айцец назваў “экзістэнцыяльнымі і сакрамэнтальнымі”. “Мы маем патрэбу ў вашых малітвах”, паколькі “нават біскупа і святара могуць атакаваць спакусы”, - звярнуўся ён да вернікаў, сабраных у капліцы Дому св. Марты. “Мы людзі, і мы грэшнікі” і “мы схільныя да спакусаў”, - дадаў Папа. Францішак спаслаўся на св. Аўгустына, які назваў дзве самыя значныя спакусы ў жыцці біскупа і святара: багацце і ганарыстасць. “Калі святар ці біскуп ідзе за грашыма, людзі не любяць яго, і гэта знак. Ён дрэнна скончыць”, - сказаў Святы Айцец. З гэтым жа, паводле яго, звязаны дух “марнай славы і кар’ерызму”, прысутнасць якога найбольш балючая для Касцёла.

“Маліцеся за нас, - паўтарыў Пантыфік - каб мы былі беднымі, каб мы былі пакорнымі, лагоднымі, каб служылі людзям”, “маліцеся за нас, біскупаў і святароў”.







All the contents on this site are copyrighted ©.