2013-05-15 10:20:03

Пантыфік дае імпульсы людзям эканомікі і фінансаў


RealAudioMP3 Папа Францішак сваімі выказваннямі дае важныя імпульсы для людзей эканомікі і фінансаў. Гэта адзначыла старшыня аўстрыйскай камісіі “Justitia et Pax” прафесар Інгеборг Габрыэль у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё. Спецыяліст па каталіцкай сацыяльнай этыцы і каталіцкі тэолаг удзельнічала ў форуме пад назвай “Банкі для супольнага дабра. Фінансы для супольнага дабра”, арганізаванага Папскай радай “Iustitia et pax” 12-14 мая ў Рыме. Прафесар Габрыэль правяла ў яго рамках калоквіум на тэму канкрэтных крокаў па пераадоленні фінансава-эканамічнага крызісу.

Францішак выступае па баку бедных, за абарону навакольнага асяроддзя і міру, звярнула ўвагу каталіцкі тэолаг, “я думаю, што ўсё гэта важныя ініцыятывы, таму што ў канцы канцоў мы імкнемся быць Касцёлам для бедных. Для нас важная таксама экалогія, якая так часта суправаджае беднасць: гэта бедныя пакутуюць больш за ўсё ад экалагічных праблем, якія мы маем сёння ва ўсім свеце”, - адзначыла старшыня аўстрыйскай “Justitia et Pax”. Яна дадала, што фінансавая сістэма павінна быць інтэрпрэтавана такім чынам, каб тыя, хто сёння найбольш пакутуюць ад яе, у будучыні маглі атрымаць дапамогу з яе боку. Важна высветліць прычыны фінансавага крызісу. Гэта першы крок, каб знайсці рашэнні, сказала Габрыэль.

Яна падкрэсліла, што фінансавая сістэма атаясамліваецца сёння ў многім з вялікім “спекулятыўным патэнцыялам”, са шматлікімі акторамі, якія маюць каласальны недахоп пачуцця адказнасці. Гэта аказала моцны ўплыў на рэальны сектар эканомікі і, такім чынам, на жыццё людзей. Тут каталіцкія банкіры і хрысціянскія бізнесмены могуць “будаваць масты”, каб спыніць гэта “раз’яднанне”, - лічыць спецыяліст па каталіцкай сацыяльнай этыцы.







All the contents on this site are copyrighted ©.