2013-05-14 16:21:25

“100 пытанняў – 100 адказаў”. Чаму за аборт – экскамуніка, а за забойства – не?


RealAudioMP3 Гартаючы Кодэкс кананічнага права Каталіцкага Касцёла можна заўважыць цікавую рэч. У раздзеле, прысвечаным пакаранням за злачынствы супраць жыцця і свабоды чалавека, адзначаецца, што за забойства і аборт прадугледжаны розныя кары. Паводле Кодэкса, “таго, хто здзяйсняе забойства” трэба караць пэўнымі санкцыямі, а той, хто здзейсняе аборт, “падлягае экскамуніцы па загадзя вынесенаму судоваму рашэнню”. Фармуліроўка: “па загадзя выненсенаму судоваму рашэнню”, азначае, што экскамуніка, адлучэнне ад Касцёла, наступае па факце здзяйснення злачынства. Як вядома, Касцёл лічыць аборт забойствам чалавечай асобы. У такім выпадку, чаму гэткая розніца ў пакараннях – за забойства народжанага чалавека – санкцыі, а ненароджанага – пазбаўленне лучнасці з Касцёлам, практычна часовае выключэнне з яго? Аб гэтым мы пагаворым у сённяшняй праграме.

Пакаранне экскамунікай – гэта самае суровае пакаранне ў Касцёле. Яно прадугледжвае выключэнне з жыцця супольнасці Касцёла, пазбаўленне усіх правоў і дабротаў, якія дае прыналежнасць да Касцёла, у тым ліку, магчымасці прыступаць да сакрамэнтаў. Да злачынстваў, якія караюцца экскамунікай, між іншымі адносяцца: зневажанне Найсвяцейшага Сакрамэнту, ужыванне фізічнай сілы супраць Пантыфіка, удзеленне біскупскай сакры без згоды Папы, парушэнне таямніцы канклава і споведзі, ерась. Як бачна, па цяжкасці пакарання, аборт роўны здзяйсненню найвялікшых касцёльных злачынстваў.

Аб прычынах такога суровага пакарання за забойства ненароджанага дзіцяці казаў бл. Ян Павел ІІ на старонках сваёй энцыклікі “Evangelium vitae”. Пантыфік падкрэсліў, што “у Касцёле пакаранне экскамунікай неабходна для таго, каб зрабіць цалкам свядомымі цяжкасці пэўнага граху і, такім чынам, спрыяць адпаведнаму навяртанню і пакаянню”. Экскамуніка ў дадзеным выпадку мае прэвентыўную і тэрапеўтычна-педагагічную функцыю. Пра гэта таксама гаворыцца з душпастрыскай інструкцыі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Італіі з 1978 г.

Аб тым, што наўмыснае забойства з’яўляецца злом, ведаюць усе. Гэта зло паўсюдна асуджаецца грамадствам і прадугледжвае пакаранне з боку дзяржавы. Што тычыцца абортаў – тут сітуацыя адваротная. Сёння ў большасці краін свету аборты з’яўляюцца цалкам законным спосабам пазбаўлення жыцця чалавечай істоты. Права на іх здзяйсненне бароніцца многімі грамадскімі арганізацыямі і самой дзяржавай. Такая сітуацыя для многіх людзей стварае нагоду думаць, што калі дзяржава дазваляе аборт, то гэта не такое ўжо і зло.

Пра наступствы такіх суджэнняў красамоўна кажа статыстыка: у Беларусі штогод здзяйсняецца каля 400 забойстваў і больш за 25 тыс. абортаў. Дадзеныя за апошнія 20 гадоў яшчэ больш жудасныя – паводле Міністэрства аховы здароўя Беларусі за гэты перыяд у краіне было здзейнена 2,7 млн. абортаў – гэта значыць, што за мірны час загінула прыкладна столькі людзей, колькі за перыяд ІІ Сусветнай вайны. Да гэтах лічбаў трэба дадаць колькасць тых абортаў, якія рабіліся падпольна, а таксама адбыліся ў выніку прыняцця абартыўных лекаў. Гэтых дадзеных, канешне, ніхто не ведае.

У сувязі з такой сітуацыяй узнікае пытанне – хто стане на абарону ненароджаных дзяцей? Бл. Ян Павел ІІ казаў “я голас тых, хто не мае голасу”. Сапраўды, у гэтых словах выражана адна з місій Касцёла – быць на баку самых слабых, безабаронных, бедных. Сваёй дзейнасцю Касцёл бароніць іх правы і прамаўляе ад іх імя на вялікіх трыбунах. Адной з катэгорый, “тых, хто не мае голасу”, з’яўляюцца дзеці, якія знаходзяцца ва ўлонні маці. Менавіта таму ў пытаннях, якія тычацца абароны іх фундаментальнага права на жыццё, Касцёл дзейнічае рашуча, адкрыта і сурова.

У адным з дакументаў Канферэнцыі Біскупаў Італіі, краіны, у якой праблема абортаў таксама з’яўляецца актуальнай, гаворыцца: “Той, хто добра паразважае, не можа не заўважыць, што аборт – гэта кваліфікаванае забойства, таму што дзіця няздольнае абараніць сябе; карнае ўмяшальніцтва Касцёла скіравана на абарону дзіцяці, тым больш, што дзяржава, прынамсі ў некаторых выпадках, як у нашым, не лічыць аборт злачынствам, але лічыць злачынствам забойства”.

Такім чынам, суровая пазіцыя Касцёл па дадзенай праблеме абумоўлена не толькі цяжкасцю злачынства, якім без сумніву з’яўляецца забойства безабароннага ненароджанага дзіцяці, але таксама і прафілактыкай гэтых злачынстваў, з улікам таго, што дзяржава не ўдзяляе гэтай праблеме належнай увагі.








All the contents on this site are copyrighted ©.