2013-05-14 15:31:02

Святы Пасад на Венецыянскай біенале


RealAudioMP3 “Сучаснае мастацтва знаходзіцца ў цэнтры інтарэсаў Папскай рады па культуры, таму што ўяўляе сабой адзін з самых значных выразаў культуры апошніх дзесяцігоддзяў”, - адзначыў кардынал Джанфранка Равазі, старшыня гэтай ватыканскай дыкастэрыі. 14 мая ён прыняў удзел у прэс-канферэнцыі, прысвечанай удзелу Святога Пасада ў 55-м Венецыянскай біенале – адным з найбольш прэстыжных мастацкіх форумаў у свеце. Кардынал Равазі паінфармаваў, што тэматыка афармлення павільёна Апостальскай Сталіцы будзе звязана з апавяданнем, змешчаным у першых адзінаццаці раздзелах кнігі Быцця, дзе гаворка ідзе “пра таямніцу стварэння сусвету, уваходу зла ў гісторыю, надзеі і планах людзей пасля спусташэння, сімвалічна прадстаўленага патопам”.

Экспазіцыя будзе падзелена на тры часткі, прысвечаныя тэмам стварэння, разбурэння і пераўтварэння. Каб адлюстраваць іх, Апостальскай Сталіцай былі задзейнічаны мастакі розных жанраў. Экспазіцыю “Стварэнне” падрыхтуе творчая група з Мілана пад назвай “Studio Azzurro”. Мастакі з дапамогай сучасных тэхналогій створаць спецыяльную інтэрактыўную інсталяцыю. Пра тэму “Разбурэнне” раскажа чэшскі фатограф Ёзэф Кудэлка. У экспазіцыі будуць прадстаўлены яго чорна-белыя здымкі, на якіх паказана супрацьстаянне чалавека і свету. Канцэпцыя надзея, звязанай з “пераўтварэннем”, будзе прадстаўлена творчасцю амерыканскага мастака Лоўрэнса Кэрала. Ён стварае свае шэдэўры з ужо выкарыстаных і непатрэбных людзям матэрыялаў, даючы ім новае жыццё.

Павільён Апостальскай Сталіцы на Венецыянскай біенале будзе дзейнічаць з 1 чэрвеня да 24 лістапада 2013 г. Яго куратарам з’яўляецца дырэктар Ватыканскіх музеяў Антоніа Паўлучы.








All the contents on this site are copyrighted ©.