2013-05-14 13:17:38

Рэліквіярый з целам св. айца Піо будзе выстаўлены для пастаяннага ўшанавання


RealAudioMP3 Рэліквіярый з целам св. айца Піо будзе выстаўлены ў Сан-Джаванні-Ратонда на пастаяннай аснове для ўшанавання вернікамі. З 1 чэрвеня 2013 г. каля рэліквій святога стыгматыка можна будзе маліцца ў новай базыліцы, куды яны былі перанесены яшчэ ў красавіку 2010 г. Урачыстае набажэнства з нагоды выстаўлення рэліквій узначаліць кардынал Анджэла Амата, прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі. Трэба адзначыць, што да гэтага часу толькі аднойчы, з 24 красавіка 2008 г. па 24 верасня 2009, рэліківіярый з целам св. айца Піо выстаўляўся для публічнага ўшанавання.

Айцец Піо нарадзіўся 25 мая 1887 г. у Петральчыне. У 16-гадовым узросце ўступіў у закон капуцынаў і праз сем гадоў прыняў святарскае пасвячэнне. Будучы 28-гадовым святаром, айцец Піо атрымаў дар стыгматаў. Ён прысвяціў сябе паглыбленаму духоўнаму жыццю і служэнню ў канфесіянале. Быў кананізаваны 16 чэрвеня 2002 г. Янам Паўлам ІІ.

Рэліквіі св. Піо з Петральчыны будуць выстаўлены ў ніжнім храме базылікі ў Сан-Джаванні-Ратонда пад шкляным саркафагам.








All the contents on this site are copyrighted ©.