2013-05-13 11:09:27

Арцыбіскуп Мюлер: з мужнасцю прызнаваць сваю прыналежнасць да Касцёла


RealAudioMP3 Да мужнасці ў прызнанні сваёй прыналежнасці да Касцёла заклікаў прэфект Кангрэгацыі Веравучэння. 12 мая, падчас урачыстасцяў у гонар св. Станіслава ў польскім Кракаве, арцыбіскуп Герхард Людвіг Мюлер звярнуў увагу, што сёння ўсё часцей гучыць меркаванне з боку некаторых колаў, што Касцёл не патрэбны, што ён – гэта чужая рэальнасць, што Касцёл не паспявае за сучаснасцю. Іерарх заклікаў не паддавацца падобнай хлусні. “Сёння трэба з моцай вызнаваць сваю веру! Сёння не хопіць проста прамаўчаць. Любоў да Бога павінна матываваць нас да мужнасці і сведчання жыцця”, - сказаў у сваёй гаміліі падчас галоўнай св. Імшы ватыканскі іерарх.

Арцыбіскуп Мюлер падкрэсліў, што св. Станіслаў “жыў Евангеллем і смела абвяшчаў яго”. Па яго прыкладу, “не можна сёння хаваць галаву ў пясок. (...) Сённяшнія вучні Добрага Пастыра не могуць не слухаць яго і і ісці за некім іншым”, - нагадаў іерарх. “Мы разумеем, што не можна саромецца крыжа, не можна склаўшы рукі глядзець як крыўдзяць Хрыста, не можна згадзіцца на адмову ад Бога, не можна пагадзіцца на закрыццё веры ў так званай “вобласці асабістага жыцця”, - дадаў ён.

Арцыбіскуп адзначыў, што сёння трэба мужнасці ў вызнанні прыналежнасці да Касцёла, які з’яўляецца адзіным, святым, паўсюдным і апостальскім, які з’яўляецца цудоўным і ёсць нашым домам. Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння заклікаў сабраных на ўрачыстасці ў гонар св. Станіслава супрацьстаяць таму, што абражае чалавечую годнасць і зневажае звычаі здаровага грамадства. Гэта ўсё, на яго думку, часам можа пагражаць існаванню чалавечай супольнасці і агульнаму дабру.







All the contents on this site are copyrighted ©.