2013-05-12 12:07:55

Папа: новыя святыя заклікаюць дзяліцца самым каштоўным – Хрыстом і Евангеллем


RealAudioMP3 12 мая папа Францішак правёў сваю першую кананізацыю. Пантыфік урачыста абвясціў святымі 800 мучанікаў з італьянскага Атранта, якія аддалі жыццё за веру напрыканцы XV ст., а таксама дзвюх заснавальніц манаскіх супольнасцяў з Лацінскай Амерыкі: калумбійку Лаўру ад св. Кацярыны Сіенскай і мексіканку Марыю Гвадалупэ. Паводле Святога Айца, новыя святыя з’яўляюцца яскравымі прыкладамі вернасці Хрысту, і ўказваюць на неабходнасць “абвяшчаць Яго словам і жыццём, праз сведчанне аб любові Бога сваёй любоўю да ўсіх”. Францішак нагадаў, што Слова Божае заклікае быць вернымі Хрысту, аж да мучаніцтва. У сувязі з гэтым, ён звярнуў увагу на адвагу 800 мужчын, якія ў 1480 г. дабраахвотна прынялі смерць ад рук турэцкіх захопнікаў, але не адракліся ад хрысціянскай веры. “Адкуль мучанікі з Атранта чэрпалі адвагу, каб заставацца вернымі?”, - спытаў Папа.

“Менавіта ад веры, якая дазваляе бачыць далей за межы нашага чалавечага позірку, далей за граніцы зямнога жыцця, дазваляе сузіраць “адкрытыя нябёсы”, - як кажа св. Стэфан, - і жывога Хрыста праваруч Айца. Дарагія сябры, будзем захоўваць веру, якую атрымалі, абновім нашу вернасць Пану, нават сярод перашкодаў і непаразуменняў; Бог нам заўсёды дасць дастаткова сілы і спакою”, - сказаў Святы Айцец.

Кажучы пра “прыгажосць нясення Хрыста і Яго Евангелля усім” Пантыфік нагадаў пра евангелізацыйную дзейнасць у Калумбіі, якую вяла св. Лаўра ад Кацярыны Сіенскай. Папа адзначыў, што яна была “настаўніцай”, а затым “духоўнай маці індзейцаў”.

“Гэта першая святая, народжаная на цудоўнай калумбійскай зямлі, вучыць нас быць шчодрымі з Богам, не жыць верай у адзіноце – так, нібыта гэта магчыма, - але перадаваць яе, несці радасць Евангелля словам і жыццёвым сведчаннем ва ўсе асяродкі, у якіх знаходзімся. Яна вучыць нас бачыць аблічча Езуса адлюстраванае ў іншым, перамагаць абыякавасць і індывідуалізм, які раз’ядае хрысціянскія супольнасці і наша сэрца. Яна вучыць нас прымаць усіх без прадузятасці, дыскрымінацыі, абмежаванняў, але з сапраўднай любоўю, дорачы ім лепшае, што ёсць у нас і асабліва дзелячыся з імі самым дарагім, што маем. Гэта не нашы справы і арганізацыі. Не! Самае каштоўнае, што маем – гэта Хрыстус і Яго Евангелле”, - заклікаў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў, што нават мучаніцтва і місіянерская дзейнасць, губляюць “хрысціянскі водар”, калі не напоўнены міласэрнай любоўю. У сувязі з гэтым ён расказаў пра трэццюю святую, якую узнёс да хвалы алтара – мексіканку Марыю Гвадалупэ. Папа звярнуў увагу на адданасць з якой яна служыла бедным.

“Гэта новая мексіканская святая заклікае нас любіць, як Езус нас палюбіў. Гэта значыць, не закрывацца ў сябе, сваіх праблемах, ідэях, інтарэсах, у гэтым маленькім свеце, які робіць столькі шкоды, але выходзіць на сустрэчу з тымі, хто патрабуе ўвагі, разумення, дапамогі, каб несці ім цяплыню блізасці любові Божай, праз пяшчотныя жэсты, шчырую прывязанасць і любоў”, - сказаў Пантыфік.

Паводле Папы, новыя святыя запрашаюць кожнага верніка спытаць самаго сябе, “наколькі я верны Хрысту?”, “ці уважлівы я да бліжніх, ці заўважаю тых, хто ў патрэбе, ці бачу братоў і сясцёр, якіх трэба любіць?”.








All the contents on this site are copyrighted ©.